Сёння вынясуць прысуды ўдзельнікам Плошчы
Прысуд абвесцяць 20 траўня ў 16 гадзінаў у судах Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў Мінска.
Суд Фрунзенскага раёна Мінска абвесціць прысуд па справе Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Насты Палажанкі і Сяргея Вазняка. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Пракурор патрабуе для Някляева 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Дзмітрыеву ён папрасіў 3 гады ўмоўна, Рымашэўскаму, Фядуту і Вазняку - 2 гады ўмоўна, Палажанцы - 1,5 года ўмоўна. Прысуд абвесцяць 20 траўня ў 16 гадзінаў.
Суд Ленінскага раёна Мінска ў 16 гадзін абвесціць прысуд па справе Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзмітрыя Буланава. Пракурор запатрабаваў Статкевічу 8 , Усу — 7 , Класкоўскаму — 8,5 гадоў, Пазняку, Квяткевічу, Буланаву — па 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Грыбкову — 4 гады з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.