Расія чакае ад Беларусі тлумачэнняў наконт Андрэя Юрава

Як паведаміў карэспандэнту Радыё "Свабода" дарадца амбасады Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў, дыпламатычнае прадстаўніцтва адразу даведалася пра затрыманне кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Андрэя Юрава.

Амбасада ў аператыўным парадку па тэлефону неадкладна звязалася з дзяжурным па Міністэрству замежных спраў Беларусі, праінфармавала пра затрыманне расійскага грамадзяніна і звярнулася з просьбай інфармаваць амбасаду пра ўсе дэталі, звязаныя з затрыманнем.
 
“Цяпер расійскі дыпламат сустракаецца ў РУЎС Савецкага раёна Мінску з Андрэем Юравым. Амбасада трымае сітуацыю з расійскім праваабаронцам на кантролі і зробіць усе неабходныя крокі ў рамках міжнароднага прававога поля з мэтай абароны правоў затрыманага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі", — паведаміў Вадзім Гусеў.