Праваабаронцы Мнацканян і Громава выгнаныя з Беларусі на 2 гады

Як стала вядома, імёны расійскіх праваабаронцаў аказаліся ў спісе асобаў, прысутнасць якіх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца непажаданай. Супрацоўнікі іміграцыйнай службы МУС Беларусі адпусцілі Вікторыю Громаву і Аліка Мнацканяна з прадпісаннем пакінуць тэрыторыю краіны да заўтрашняга вечара, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Астатнія расійскія праваабаронцы, затрыманыя учора ў Мінску, адпушчаны на волю, распавёў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, паведамляе РИА Новости.

"Усіх адпусцілі. Ніякіх дакументаў на іх не складалі", - сказаў ён.

Нагадаем, у офісе праваабарончай арганізацыі "Вясна" ўчора павінна была адбыцца прэзентацыя справаздачы Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека па падзеях 19 снежня. Міліцыя ачапіла сядзібу, і затрымала расійскіх праваабаронцаў Вікторыю Громаву, Любоў Захараву, Ірыну Пайкачаву, Юрыя Джыбладзе і Аляксандра Мнацканяна.