Польшча абмяжоўвае прававую дапамогу Беларусі
Пра гэта паведамляюць польскія СМІ.
Генеральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт дэнансаваў пагадненне ад 2002 года аб спрашчэнні зносін пракурораў па аказанні прававой дапамогі паміж Польшчай і Беларуссю.
Згодна з ім, абласныя пракуратуры Беларусі маглі звяртацца па прававую інфармацыю адразу да акруговых пракуратураў у Польшчы, абмінаючы Міністэрства юстыцыі і Генпракуратуру ў Варшаве.
Цяпер уся інфармацыя беларускім пракурорам зноў пойдзе праз Варшаву, як гэта прадпісвае дамова аб прававой дапамозе з 1994 года, інфармуе Радыё "Свабода". Гэтак польскія пракуроры засцерагаюцца ад паўтору сітуацыі са "справай Бяляцкага".
Разам з тым Генпракурор Сэрэмэт выступае супраць разарвання дамовы аб прававой дапамозе з Беларуссю з 1994 года. На думку польскіх праваахоўнікаў, гэта нанесла б шкоду Польшчы.