Офіс Freedom House у Вільні будзе дамагацца свабоды выказвання ў Беларусі
7 чэрвеня ў сталіцы Літвы адчыніўся офіс міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House.
Адной з яго задач стане барацьба за свабоду самавыяўлення ў Беларусі. Пра гэта, па звестках DELFI.lt, заявіў кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс на адкрыцці прадстаўніцтва арганізацыі.
Літоўскі дыпламат адзначыў, што палітвязні, пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсы сёння з'яўляюцца рэальнасцю ў Беларусі. Ажубаліс выказаў упэўненасць, што дзейнасць Freedom House стане істотнай падтрымкай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і ў эміграцыі.
Freedom House, цэнтральны офіс якой знаходзіцца ў Вашынгтоне, займаецца назіраннем і аналізам стану дэмакратыі, палітычных свабодаў і правоў чалавека ў розных краінах свету, спрыяе распаўсюду дэмакратычных каштоўнасцяў і свабодаў.