“Навушнік” Хамічэнка: без жылля і без працы (фота)

111219 Svjardlou Navu6nik.mp3

Еўрарадыё выправілася ў Слуцк, каб знайсці Уладзіміра Хамічэнку, якому пасля падзеяў на плошчы Незалежнасці далі мянушку “Навушнік”. Хамічэнка застаецца адным з самых загадкавых вязняў “плошчы”: як ён апынуўся ля Дома ўраду, ці па сваёй волі біў шкло, ці размаўляў з кім-небудзь праз навушнік, схаваны ў рукаве паліто?

Фота: ak-bara.livejournal.com

Па звестках начальніка Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама Аляксандра Данільчанкі, “Навушнік” дагэтуль у Слуцку. Ён не мае пэўнага месца жыхарства. А ва ўчастковага міліцыянера “адзначаецца”, калі яны выпадкова сустракаюцца на вуліцах...

“Ёсць нават такія звесткі, што 5 лістапада Хамічэнка аштрафаваны па артыкуле 18.23 Адміністрацыйнага кодэкса — за адсутнасць флікера”, — дадае Аляксандр Данільчанка.

Як адшукаць бамжа ў 60-тысячным Слуцку? Ала Барысаўна, цётка Уладзіміра Хамічэнкі, паведамляе Еўрарадыё, што апошні раз бачыла пляменніка “недзе 10 лістапада”.

“Вова тады сказаў, што ўладкуецца на рынак. Будзе дапамагаць вывозіць і завозіць тавары”, — прыгадвае Ала Барысаўна.

Што ж, гэта адзіная зачэпка… Узброіўшыся фотаздымкам Уладзіміра Хамічэнкі, я еду ў Слуцк. Рынак знаходзіцца ў самым цэнтры горада, у двух кроках ад вуліцы Леніна — галоўнай у Слуцку.

Гандляры пазнаюць Хамічэнку і па прозвішчы, і ў твар. Адны кажуць, што ён “дапамагаў цягаць калыскі”, іншыя — што працаваў на “стамятроўцы”. Гэта 4 шэрагі гандлёвых намётаў, што месяцца паміж двума будынкамі стацыянарных крамаў ля галоўнага ўвахода на рынак. Трэція прыгадваюць дзяўчыну з падбітым вокам, з якой Хамічэнка прыходзіў на рынак, і сцвярджаюць, што ён збіраў і звозіў з рынку смецце, якое заставалася пасля гандлёвага дня. Але…

“Наколькі мне вядома пра гэтага чалавека — ён адпрацаваў у нас літаральна месяц. А пасля не выйшаў на працу. Проста не выйшаў, і яго звольнілі”, — паведамляе Еўрарадыё супрацоўніца бухгалтэрыі Слуцкага рынку.

Такім чынам, у напрыканцы лістапада “Навушнік” застаўся без працы. Тым не менш, я працягваю чакаць яго на рынку. Тут шмат людзей, якія ведаюць яго асабіста, хаця і даўно не бачылі.

“Ён жа дурненькі. Вучыўся ў нас у хабзе, і ўжо тады краў. Але чаго краў? Есці хацеў. І калі тут працаваў, таксама краў. Аднойчы курткі ў аднаго прадпрымальніка зніклі…” — прыгадвае адна з жанчын, якія працуюць на рынку.

“Алкаш”, — каротка выказваецца іншая.

А 14-й на рынку з’яўляюцца грузчыкі і хутка “зварочваюць” намёты гандляроў. Уладзіміра Хамічэнкі сярод іх няма. Застаецца спрабаваць адшукаць яго ў горадзе. Я іду да дома па вуліцы М. Багдановіча, дзе ў адной з кватэраў зарэгістраваны Уладзімір Хамічэнка.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

З вокнаў кватэры Уладзіміра Хамічэнкі бачна вось такую царкву

На жаль, і там яго няма. Бачна, што ў кватэры ніхто не жыве — дзверы намёртва забітыя цвікамі. Праз дзірку ад дзвярнога вочка можна разгледзець трэшчыны на сценах.

Тым не менш, камунальшчыкі працягваюць налічваць квартплату. Запазычанасць Уладзіміра Хамічэнкі слуцкаму ЖКГ — амаль 5 мільёнаў рублёў! Пры гэтым камунальшчыкі афармляюць квітанцыі на імя стрыечнага дзеда Уладзіміра, які памёр 9 гадоў таму!

Фота большага памеру.

Апошняя мая зачэпка — ёсць звесткі, што Уладзімір Хамічэнка зняў кватэру ці пакой на вуліцы Чэхава. Гэта нядоўгая вуліца, забудаваная 9-павярховікамі, ля выезду са Слуцка на Мінск. Кіруюся туды, але ні мінакі, ні прадавачкі ў крамах, дзе “Навушнік” мог бы набываць гарэлку, яго не пазнаюць.

Што ж, у першым раўндзе гэтай гульні ў хованкі пераможцам выйшаў Уладзімір Хамічэнка. Але Еўрарадыё працягне пошукі загадкавага ўдзельніка падзеяў 19 снежня 2010 года.

Нагадаем, за ўдзел у масавых беспарадках на плошчы Незалежнасці Уладзімір Хамічэнка быў асуджаны на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Аднак 14 жніўня 2011 года, у ліку 10 іншых асуджаных, “Навушнік” выйшаў на волю пасля таго, як яго памілаваў Аляксандр Лукашэнка.