На сёння прызначаныя суды па скаргах Гулака і Стэфановіча
Абодва праваабаронцы абскарджваюць сваё патрапленне ў "спісы невыязных".
Нагадаем, 13 сакавіка сёлета кіраўніку БХК Алегу Гулаку (на здымку) была выдадзена даведка аб тым, што яму з 5-га сакавіка забаронены выезд з Беларусі. З даведкі, якую ён атрымаў, вынікала, што яму прад'яўлены грамадзянскі пазоў у судзе. Аднак аб падобным пазове праваабаронца нічога не ведаў, ні адзін суд не інфармаваў яго аб унясенні ў "спісы". За апошнія тры месяцы таксама ніякіх звестак аб пазовах да Алега Гулака не з'явілася. Суд мусіў адбыцца ў красавіку, але быў перанесены.
Слуханне адбудзецца ў панядзелак у судзе Цэнтральнага раёна сталіцы (пачатак а 11-й гадзіне), інфармуе сайт spring96.org. Сёння ж гэты суд разгледзіць аналагічную скаргу, якую падаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч (пачатак у 14.30).
Фота — bymedia.net