Лябедзька: “Я сам ад сябе не чакаў — у “амерыканцы” я пачаў пісаць вершы”
Вызвалены з КДБ палітык распавёў, што для яго было страшней за катаванні, чаму танчыў на прагулках і навошта хоча паглядзець у вочы Раманчуку.
Позна ўвечары 6 красавіка з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе вызвалілі кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Як расказаў палітык у размове з Еўрарадыё, вечарам яго нечакана выклікалі на допыт, упершыню пасля 28 снежня 2010 года, дзе і паведамілі пра вызваленне.
Пры гэтым, кажа Лябедзька, ніякіх умоў вызвалення яму не ставілі, супрацоўнічаць з КДБ ён не абяцаў і забароненых тэм у размовах з журналістамі не мае.
Анатоль Лябедзька: “Я падпісаў паперу звычайную: я не магу пакідаць Мінск, я павінен па першым выкліку з’яўляцца да следчага. Ніякіх спецыяльных, спецыфічных умоў мне ніхто не ставіў. Калі мне на самым пачатку намякнулі пра нейкія спецыяльныя мажлівыя заявы, я вельмі ясна і выразна сказаў: “Вось мая рука — я хутчэй яе адгрызу, чым адмоўлюся ад сваіх перакананняў ці буду казаць няпраўду ў адносінах да нейкіх людзей”. І гэтага было дастаткова”.
Што тычыцца стаўлення ахоўнікаў да зняволеных і магчымых катаванняў, то, кажа Лябедзька, у яго быў свой адказ на любыя спробы парушыць яго правы. Да прыкладу, калі казалі стаць да сцяны і развесці ногі на 90 сантыметраў — ён разводзіў на 1 метр 30 сантыметраў: расцяжка дазваляла.
Анатоль Лябедзька: “Калі быў такі ціск, то я, калі выходзілі на шпацыр і там гучала нейкая музыка, я пачынаў танчыць. Ахоўнікі глядзелі са здзіўленнем на гэта. Калі выводзілі на шпацыр на дзве гадзіны, я тысячу разоў адціскаўся за гэты час. Я ім хацеў прадэманстраваць, што ў мяне ёсць сілы прайсці праз гэта”.
І пацвердзіў, што ў “амерыканцы” былі невядомыя людзі ў масках, якія суправаджалі зняволеных на допыты і прагулкі. Кажа, менавіта яны злосна на ўсіх крычалі, падганялі на ўсім шляху і ўвогуле паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Але, кажа, не святло, якое цэлую ноч гарэла ў камеры, не штодзённыя асабістыя дагляды з распрананнем, не расцяжкі былі для яго найбольшай пакутай.
Анатоль Лябедзька: “Для мяне самым цяжкім былі нават не гэтыя расцяжкі, не гэтае святло — для мяне самае цяжкае было тое, што я не атрымліваў лістоў. Я не ведаў, што з маёй жонкай, з сынам, з маці. Калі я атрымаў першы ліст, гэта быў нават не ліст — тры радкі, мае вочы сталі вільготнымі ўпершыню з шостага класа”.
Згодна з яго словамі, у зняволенні знаходзяцца сотні людзей, якім там не месца. І такое стаўленне да іх прывядзе да таго, што з турмы выйдуць сотні радыкалаў, не здатных да перамоў з дзяржавай.
Анатоль Лябедзька: “Гэта будзе зусім іншая апазіцыя. Бо задачы застрашыць людзей, якія ставяцца, могуць прывесці да іншага выніку: на свабоду выйдуць маладыя радыкалы — з нянавісцю да гэтай сістэмы, да гэтай улады, якія не разумеюць кампрамісаў, якія не будуць хацець сесці за стол перамоваў, якія будуць ведаць, што на сілу трэба адказваць сілай”.
Размова з Анатолем Лябедзькам адбывалася ў той час, калі ў суседнім пакоі офіса партыі праходзіла пасяджэнне Нацыянальнага камітэта АГП. Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, ці не здзіўлены кіраўнік партыі адсутнасцю на гэтым пасяджэнні ягонага намесніка Яраслава Раманчука. Лябедзька зразумеў сэнс пытання.
Анатоль Лябедзька: “Мне задаюць пра Яраслава нейкія пытанні... Я не ў кантэксце сітуацыі абсалютна. Я хацеў бы зараз сустрэцца з кожным — не толькі з Яраславам Раманчуком, а з кожным — і паглядзець у вочы (на пасяджэнні Нацкамітэта было прапанавана разгледзець пытанне ўдзелу сябраў АГП у выбарчай кампаніі іншых кандыдатаў — Еўрарадыё). І разабрацца. Бо гэта вялікае выпрабаванне для Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якіх не было за апошнія гадоў, відаць, дваццаць. І трэба зразумець, каманда гэта ці не. Калі каманда — то з якімі прынцыпамі. Зробім гэта”.
Хоць з Лябедзькі і ўзялі падпіску аб нявыедзе, пашпарт яму вярнулі. Але, кажа палітык, ён уцякаць з краіны не збіраецца. Не зважаючы на тое, што абвінавачанне на больш “мяккае” яму і не змянялі.
Анатоль Лябедзька: “Я не хацеў бы ехаць ні ў Жодзіна, ні ў “амерыканку” — гэта цяжка, гэта няпроста. Але ёсць нейкія прынцыпы, тое, за што я сам паважаю сябе. Калі мне родны бацька піша: “Трымайся, сынок, не здавайся!”, калі жонка кажа тое ж, то калі б мне нават падагналі “Боінг” да офіса і сказалі “Анатоль, сядай, бо заўтра невядома што будзе”, то я адразу заяўляю — гэта не для мяне”.
Дарэчы, зняволенне адкрыла ў палітыку Лябедзьку новы талент — паэтычны.
Анатоль Лябедзька: “Я сам ад сябе не чакаў: я пачаў пісаць вершы. Я не паэт, не Уладзімір Някляеў, але нешта пачалося. Я там дзесьці дваццаць вершаў напісаў — і пра родную вёску, жонцы. Пачаў пісаць нават апавяданне пра галуба Лёліка. Яго вачыма паглядзеў на сітуацыю, якая здарылася з людзьмі, якія ходзяць знізу. Я пісаў нейкія свае думкі штодня. Гэта ўсё засталося там. Спадзяюся, што гэта вернецца. Калі вернецца, то я гэта праз цэнзуру сямейную прапушчу і выдам”.
Што ж тычыцца іншых планаў на будучыню, то, кажа, ён не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах.
Анатоль Лябедзька: “Я не бачу сэнсу ўдзельнічаць у палітычных выбарчых кампаніях па тых правілах, якія існуюць сёння. Гэта бессэнсоўна. Я не хачу падстаўляць людзей пад пагрозу для іх свабоды, жыцця, ствараць праблемы для іх родных і блізкіх. Таму, калі ўлада хоча насамрэч, каб мы станавіліся еўрапейскай цывілізаванай краінай, мы павінны вельмі сур’ёзна размаўляць на гэтую тэму. Калі ласка — пры пасярэдніцтве міжнародных арганізацый”.
На развітанне карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, чаму ў СІЗА Лябедзьку не пастрыглі і ён выйшаў з даўгімі валасамі. Палітык прызнаўся, што выгляд лысых сукамернікаў вельмі яго смяшыў і ён проста не хацеў, каб такім жа чынам смяяліся з яго. Таму і адмовіўся. Але паабяцаў наведаць цырульню бліжэйшымі днямі.
Фота: Змітра Лукашука