Кім: “Шаўчук паўгадзіны паіў нас гарбатай, а Міхалок падпісаў стос дыскаў"
25-гадовы мінчук Андрэй Кім, які арганізаваў буйную кампанію салідарнасці з палітвязнямі, вярнуўся ў Беларусь пасля 7 месяцаў жыцця за мяжой.
Андрэй Кім і сам быў вязнем. – па “справе чатырнаццаці” за мітынг прадпрымальнікаў 21 студзеня 2008 года ён быў асуджаны на 1,5 года калоніі. Адсядзеў не ўсё – Аляксандар Лукашэнка пад ціскам Захада памілаваў зняволеных, хоць адпаведнага прашэння яны не пісалі.
Пасля падзеяў на Плошчы 19 снежня 2010 года Андрэй адсядзеў 10 сутак. Калі стала зразумела, што гэтым не скончыцца, а іншыя актывісты ўжо былі за кратамі, Андрэй пакінуў Беларусь. 7 месяцаў ён жыў у Расіі і Украіне ў сяброў і знаёмых. За гэты час хлопец, пры дапамозе аднадумцаў, стварыў рэсурс Pashtouka.org, дзе кожны ахвочы можа падпісаць паштоўку палітвязням. Да акцыі далучыліся многія вядомыя людзі – Андрэй Макарэвіч, Аляксей Кортнеў, Чулпан Хаматава, Барыс Нямцоў, Міхаіл Шац, Віктар Шандаровіч, Леанід Парфёнаў, Барыс Вішнеўскі, Расціслаў Хайт, Леанід Барац, Антон Носік, Юры Шаўчук… Мастак-карыкатурыст Андрэй Більжо, які некалі праславіўся малюнкамі пра Пятровіча (“Аднойчы Пятровіч…”) стварыў адмыловую серыю паштовак пра персанажа Луку.
Карыкатура Андрэя Більжо, намаляваная спецыяльна для акцыі салідарнасці з палітзняволенымі.
Цяпер Андрэй Кім вярнуўся ў Мінск. Ён кажа, што не баяўся рабіць гэта і раней. Проста разумеў, што такую акцыю будзе прасцей рабіць з Масквы, Кіева і Санкт-Пецярбурга, чым з Мінска.
Андрэй Кім: “Планавалася, што я з’еду на месяц ці два. Спачатку было небяспечна вяртацца, бо былі розныя моманты... Потым я зразумеў, што трэба нейкі час быць за межамі, каб быць больш карысным для Беларусі. Бо пачалася кампанія салідарнасці з палітзняволенымі, і яна патрабавала, каб я знаходзіўся за межамі”.
На майцы Андрэя – лагатып акцыі “Бой падушкамі”. Гэтую справу ён таксама плануе адрадзіць цяпер, калі вярнуўся ў Мінск.
Дзе і як хлопцу з Мінска давялося жыць 7 месяцаў у Расіі і Украіне?
Андрэй Кім: “Жыў я ўсе гэтыя дні ў сваіх сяброў. У кагосьці з іх знаходзіўся для мяне асобны пакой. У кагосьці з іх знаходзілася для мяне канапа. У кагосці – і гэта была большая частка – знаходзіўся куточак, дзе я мог спаць на падлозе. Я не скажу, што гэтыя 7 месяцаў былі самыя камфортныя ў маім жыцці. Але ў мяне было ўсё, што трэба. Таму што Бог ніколі не пакідае. Я заўсёды меў хлеб, месца дзе спаць, у што апрануцца. І таксама заўсёды меў, што самае галоўнае, – людзей, якія гатовыя былі мяне падтрымаць”.
Андрэй Кім і Юры Шаўчук. Дома ў музыкі, калі той падпісваў паштоўкі.
Андрэй кажа, што выбар вядомых людзей, да якіх звярнуліся па падтрымку, быў суб’ектыўны. Некаторых, якія напэўна выказаліся б супраць беларускага рэжыму, не запісвалі адмыслова. Як, напрыклад, Уладзіміра Жырыноўскага.
Андрэй Кім: “Ёсць выдатнае расійскае слова – “нерукопожатность”. Гэта слова, здаецца, было прыдумана расійскай інтэлігенцыяй яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яно азначала чалавека, з якім не проста ніхто не хоча мець справу, а якому сорамна падаць руку. І мне здаецца, вялікая праблема беларускай грамадзянскай супольнасці, што ў нас гэта не распаўсюджана. Натуральна, што Уладзімір Вольфавіч вельмі таленавіты палітык, але не вельмі прыстойны чалавек. Ён у гэтым спісе людзей, з якімі я агульнай справы рабіць не стану”.
Андрэй – харызматычны выступоўца, які можа падняць не толькі “войска з падушкамі”.
Ад кантактаў з вядомымі асобамі ў Андрэя Кіма засталося шмат уражанняў. У прыватьнасці, тыя, каго раней Кім лічыў недасяжнымі зоркамі, на справе апынуліся вельмі шчырымі людзьмі.
Андрэй Кім: “Калі мы прыехалі да Юрыя Шаўчука, ён, пры ўсёй сваёй легендарнасці, апынуўся вельмі адкрытым чалавекам. Ён піша зараз новы альбом і хоча, каб гэты альбом быў неяк звязаны з Беларуссю, слухаўся ў Беларусі, распаўсюджваўся. Шаўчук з паўгадзіны паіў нас гарбатай, распавядаў гісторыі. Вялікая была размова, не толькі пра палітвязняў. І мы згадалі, што ў нас існуе БРСМ. Яго гэта зацікавіла. Ён сказаў, што разумее – усе людзі дзеляцца на 2 катэгорыі: хто мае сілы і сумленне адмовіцца ад такіх рэчаў, і хто проста не мае сілаў і сумлення. І распавёў, што яго ў дзяцінстве выперлі з піянераў, чым ён ганарыцца дагэтуль”.
Паводле іроніі лёсу, адну з планаваных гераіняў, якая хацела выказацца ў падтрымку беларускіх палітвязняў, непасрэдна перад запісам… затрымалі і зацягнулі ў аўтазак!
Андрэй Кім: “Калі мы прыйшлі запісваць Арцемія Троіцкага, вядомага музычнага крытыка – гэта было вельмі актуальна для яго, бо ён сам цяпер ходзіць пад чатырма справамі, дзве з якіх крымінальныя, за паклёп (на Аляксандра Баркова, віцэ-прэзыдэнта “Лукойла”, у аварыі з удзелам якога загінулі дзве жанчыны – Еўрарадыё). Хоць гэта, зразумела, палітычнае. Ён нас запрасіў прыйсці да яго на журфак, дзе ў той дзень чытаў лекцыю пра барацьбу людзей за свае правы. І туды былі запрошаны Барыс Нямцоў і Яўгенія Чырыкава, якая з’яўляецца каардынатарам кампаніі ў абарону Хімкінскага лесу. Але запісалі мы толькі Троіцкага і Нямцова. Яўгенію Чырыкаву запісаць не змаглі, хаця яна, натуральна, згадзілася. Перад тым, як яна мусіла выязжаць на гэтую лекцыю, яе затрымалі. Яна толькі напісала эсэмэску: “Мяне вяжуць, я ў аўтазаку, прыехаць не змагу!..”
Андрэй Кім кажа, што некаторыя зоркі сказалі ў камеру ўсяго пару словаў. Але затое дапамаглі справаю.
Андрэй Кім: “Сяргей Міхалок падтрымлівае палітвязняў. Ён зрабіў наступнае: у грымёрцы падчас канцэрту, калі ў яго было зусім мала часу, сказаў літаральна пару словаў на камеру. Але, што ён зрабіў вельмі важнае, – ён падпісаў вельмі шмат кампакт-дыскаў для канкрэтных палітвязняў. Мы абавязкова перадамо іх у калоніі. Гэта надзвычай важна”.
Андрэя вельмі здзівіла, што многія вядомыя замежнікі былі дасведчаныя ў беларускай сытуацыі нашмат больш, чым мы пра тое думаем.
Андрэй Кім: “Шэраг людзей, напрыклад, Арцемій Троіцкі, Віктар Шандаровіч, Чулпан Хаматава – высветлілася, што яны вельмі добра дасведчаныя ў сітуацыі ў Беларусі. І нават знаёмыя з некаторымі палітвязнямі. Асабліва добра ведаюць пра Ірыну Халіп, Андрэя Саннікава. І гэта таксама здзівіла”.