Інфляцыя ўзнімае заробкі ці наадварот — заробкі штурхаюць інфляцыю?

Мінак на вуліцы: “Наіўныя і дурныя тыя людзі, якія думаюць, што, калі павысіць нам заробак, будзе лепш. Я бюджэтнік. Я бачу, што з гэтага не будзе плёну, бо кошты імгненна падскочаць настолькі ж ці яшчэ вышэй. Таму гэта не мае сэнсу”.

Меркаванне гэтага чалавека падзяляе 36% беларусаў, апытаных у лістападзе сацыялагічным цэнтрам ТАА “Зеркало-Инфо”. Але іншыя 37% на пытанне “Што сёння больш важна: рост заробкаў і пенсій ці барацьба з інфляцыяй?” аддалі перавагу заробкам.

Еўрарадыё вырашыла правесці сваю міні-апытанку на гэтую тэму. За час крызісу нават звычайныя мінакі на вуліцы побач з чыгуначным вакзалам у Мінску пачалі разважаць, як сапраўдныя эканамісты.

“Заробак… Як вам сказаць… Ён адэкватны эканамічнай сітуацыі ў краіне. Я мяркую, што яго не трэба павышаць. Няма ніякіх падставаў для гэтага”, — кажа мужчына сярэдняга веку, які трымае ІП па продажы спартовага адзення.

“Трэба думаць пра тое, як знізіць кошты, а не пра тое, як павышаць заробкі. Іначай увогуле не мае сэнсу ўсё, што тут адбываецца”, — сцвярджае жанчына праз некалькі хвілінаў.

Незалежны аналітык Сяргей Чалы звяртае ўвагу на тое, што пры плаваючым курсе долара эканоміка рост даходаў насельніцтва папросту не заўважае. Як і само насельніцтва, для якога “багацце” ў выглядзе больш высокага заробку вельмі хутка ператвараецца ў “ілюзію багацця”.

Сяргей Чалы: “Cітуацыя для нашай эканомікі ўнікальная. Пасля лібералізацыі курсаўтварэння любыя спробы стымуляваць попыт (а павышэнне заробкаў ёсць не што іншае, як стымуляванне попыту) памяншаюць прывабнасць нашых тавараў на знешніх рынках. Кошт імпарту павялічваецца, а кошт экспарту памяншаецца. Адпаведна, попыт на долары ці еўра вырастае, і рубель на біржавых таргах упадзе”.

Калі Нацбанк не будзе штучна стрымліваць курс, а эканоміка не прадэманструе заўважны рост, у доларавым выяўленні павышаныя заробкі вельмі хутка вернуцца на ранейшы ўзровень.

“І самае галоўнае: вось было ў цябе 1,5 мільёна рублёў — а стала 3 мільёны. Але на гэтыя грошы ты зможаш набыць тую самую колькасць долараў і тую самую колькасць прадуктаў”, — рэзюмуе Сяргей Чалы.

Навуковец-эканаміст Аляксандр Гатоўскі звяртае ўвагу на іншы негатыўны для эканомікі эфект. Маўляў, калі заробкі павысяць, беларусы адразу пачнуць больш набываць. Але, нават калі яны будуць набываць айчынныя тавары, узрасце спажыванне… імпарту.

Аляксандр Гатоўскі: “Калі мы кажам пра тое, што трэба падцягваць узровень жыцця насельніцтва, гэта азначае, што трэба павялічваць спажыванне. А калі расце спажыванне, нават калі людзі спажываюць нашыя, беларускія, тавары і паслугі, усё роўна там ёсць імпартны складнік”.

У спажывецкіх таварах, вырабленых на тэрыторыі Беларусі, імпартны складнік — 30-35%. Цягам некалькіх апошніх гадоў гэтая лічба не змяняецца.

“Вы купляеце ў краме беларускае малако. Але, прабачце, даілася гэтае малако з дапамогай электраэнергіі, выпрацаванай з расійскага прыроднага газу. То бок, нават калі вы пачынаеце больш піць малака — вы ўсё адно павялічваеце імпарт”, — працягвае Аляксандр Гатоўскі.

Літр малака сёння каштуе 4,5 тысячы рублёў — гэта 53 цэнты. Кожны дадатковы літр, які зможа дазволіць сабе беларус, дасць 17 цэнтаў мінуса ў сальда знешняга гандлю. А менавіта недахоп валюты на тое, каб забяспечыць імпарт, і справакаваў крызіс!

Дзякуючы дэвальвацыі экспарт вельмі нязначна, але перавышае імпарт цягам апошніх трох месяцаў, па якіх ёсць статыстыка. Здавалася б, пачалі “жыць па сродках”…

…але адразу ж пачалі думаць пра тое, каб павышаць заробкі. З 1 студзеня 2012 года мінімальны заробак у Беларусі ўзрастае да 1 мільёна рублёў.