Гомельскія ўлады ідуць на "рэкорд"
З 2004 года ў Гомелі не выдавалася дазволаў на правядзенне "неафіцыйных" пікетаў і мітынгаў. Адмову атрымалі і заяўнікі пікета салідарнасці з палітвязнямі.
Заяўка чатырох актывістаў кампаніі "Гавары праўду!" на правядзенне пікетаў салідарнасці з палітвязнямі ў Дзень волі 25 сакавіка Гомельскім гарвыканкамам не задаволеная. Як адзначаецца ў адказе гарвыканкама, пікеты забароненыя, бо "змест заявак не адпавядае патрабаванням пунктаў 1,2 рашэння гарвыканкама "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Гомелі".
Варта адзначыць, што пераадолець гэтыя "пункты" з 2004 года не ўдалося ніводнай мясцовай грамадска-палітычнай арганізацыі. Паколькі для "адпаведнасці", па-першае, неабходна пагаджацца на правядзенне пікета ў адзіным дазволеным месцы — на пляцоўцы ля ДК "Віпра" таварыства глухіх. А, па-другое, арганізатары масавага мерапрыемства, якое праводзіцца без удзелу дзяржорганаў, мусяць загадзя падпісаць "дазвольныя" дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і хуткай дапамогай, паведамляе "Праваабарончая хроніка".