Генпракуратуру Польшчы папярэджвалі пра небяспеку "справы Бяляцкага"
З перасцярогай выступала пракурор Эльжбэта Яніцкая, якая працуе ў аддзеле юрыдычных кантактаў з замежжам у акруговай пракуратуры ў Варшаве.
Менавіта ў гэты аддзел трапіў запыт беларускай пракуратуры наконт рахункаў праваабаронцы Алеся Бяляцкага, паведамляе tvn24.pl. У сталічную пракуратуру беларускі запыт прыйшоў з Генеральнай пракуратуры ад віцэ-дырэктара Дэпартаменту міжнароднага супрацоўніцтва Ганны Вісьнеўскай. Яніцкая, як паведамляюць польскія СМІ, выказала рэзкі пісьмовы пратэст. Запіс мусіць захоўвацца ў дакументах Генпракуратуры.
Аднак начальнік Яніцкай Цэзары Клос вырашыў далей высьвятляць "справу Бяляцкага", нягледзячы на засцярогі падначаленай. Ён перадаў дакументы свайму начальству, а тое — у Генпракуратуру. Хто менавіта вырашыў даслаць іх у Беларусь, польскія журналісты пакуль не высветлілі.