Гандляры "Малінаўкі" рыхтуюць страйк
Такое рашэнне прынялі на сваім сходзе прадпрымальнікі, якія працуюць на мінскім рынку "Малінаўка".
Папераджальны страйк яны прызначылі на 15 чэрвеня. Як перадае Радыё "Свабода", гандляры першага паверху гандлёвага цэнтру "Малінаўка" вырашылі выйсці на працоўныя месцы, але не працаваць. Так будзе выглядаць іх папераджальны страйк. Калі іх патрабаванні не выканаюць, то страйк можа перарасці ў вулічную акцыю.
Па словах прадпрымальнікаў, першы паверх рынку хочуць зачыніць і аддаць у арэнду "Еўрагандлю". Пры гэтым працоўных месцаў пазбавяцца 300 чалавек. Прадпрымальнікі атрымалі загад вызваліць плошчы цягам месяца. Таму яны пратэстуюць супраць скасавання арэнды.