Даведвацца, ці памілавалі вязняў "Плошчы", мусяць адвакаты?

110812 SverdlovPamilavany.mp3

“Я віншую тых матуль, чые дзеці выйдуць на свабоду. Гэта вялікае шчасце, бо я магу сказаць: там вельмі цяжка! Так што дай Божа! Дзіма Дрозд, выдатны архівіст. Ён шмат чаго патрэбнага і карыснага зробіць, калі будзе на волі”, — так адрэагаваў на навіну аб памілаванні 9 асуджаных па “Справе 19 снежня” грамадскі дзеяч Аляксандр Фядута. Асуджаны па той жа справе з адтэрміноўкай выканання прысуду, ён падкрэслівае: нельга вінаваціць хлопцаў, якія трапілі за краты, у тым, што яны прасілі літасці ў прэзідэнта:

Аляксандр Фядута: “Прынцыпова важна, каб зараз уся грамадскасць не пачала займацца глупствам. Не трэба лічыць, хто напісаў, хто падпісаў, за каго матуля пісала, каго і чаму вызвалілі… Гэта будзе папросту непрыстойна, няшчыра ў адносінах да тых хлопцаў, якіх будуць вызваляць”.

Паводле палажэння аб памілаванні, прэзідэнт можа памілаваць толькі таго асуджанага, які асабіста падаў адпаведнае хадайніцтва. Карыстальнікі інтэрнэта актыўна абмяркоўваюць этычны бок звароту 9 асуджаных за “Плошчу” да прэзідэнта. Маўляў, калі чалавек падпісаў такую паперу — ён аўтаматычна прызнаў сябе вінаватым. Зоя Дзмітрыеўна, маці Змітра Дразда, кажа, што ў бабруйскай калоніі яе сына “пераконвалі” падпісаць прашэнне.

Зоя Дрозд: “Да яго ў калонію прыехалі людзі… І недзе майго Дзіму тры гадзіны ўгаворвалі, ён не пагаджаўся доўга, ён у мяне ганарлівы чалавек. Пасля, калі я прыехала на спатканне, ён пабачыў, якая я стала худая, а я ж на 10 кілаграмаў схуднела. І тады ён сказаў: “Мама, я не магу цябе больш дабіваць”. І падпісаў гэты ліст”.

Раніцай 12 жніўня праваабарончы цэнтр “Вясна” даведаўся пра 4 прозвішчы памілаваных з 9. Акрамя Змітра Дразда гэта Сяргей Казакоў, Арцём Грыбкоў і Андрэй Пратасеня. Еўрарадыё паспрабавала спраўдзіць, ці сапраўды яны неўзабаве будуць вызваленыя. Але ў калоніі гэта паведаміць адмовіліся.

“Мы не даем такую інфармацыю па тэлефоне, бо мы не можам сцвярджаць, кім вы з’яўляецеся насамрэч”.

Па розных звестках, Аляксандр Лукашэнка мог памілаваць таксама Васіля Парфянкова, Уладзіміра Лобана і Аляксандра Класкоўскага-малодшага. Але ні бацька Парфянкова, ні сястра Лобана, ні маці Класкоўскага не ведаюць, ці памілавалі іх сваякоў. Што праўда, яны і не спрабавалі тэлефанаваць у калоніі, дзе адбываюць пакаранні ўдзельнікі падзеяў 19 снежня.

Даведацца, хто дакладна выйдзе на волю неўзабаве, Еўрарадыё паспрабавала ў сябраў Камісіі па пытаннях памілавання пры прэзідэнце, якая збіралася акурат 9 жніўня. Аднак сябры камісіі адмовілася распавесці нават пра тое, чаму было прысвечанае пасяджэнне, не кажучы пра тое, каб назваць памілаваных асобаў.

“У асуджаных ёсць адвакаты. І ёсць працэдура: як хто даведваецца, каго памілавалі. Адвакаты гэта ведаюць — няхай яны і займаюцца гэтым пытаннем”, – заявіў сябра камісіі Віктар Чайчыц.

Праваабаронца Наста Лойка паведаміла Еўрарадыё, што адвакаты некаторых вязьнаў гатовыя да таго, каб высвятляць, ці трапілі іх падабаронныя пад указ Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Праўда — толькі ў панядзелак. Але гэта можа і не спатрэбіцца. Сваякі вязняў “Плошчы” спадзяюцца, што яшчэ на гэтых выхадных памілаваныя будуць дома. Тым больш, што па інфармацыі Дэпартамента па выкананні пакаранняў, вязняў выпусцяць цягам аднаго-двух дзён.