Беларускі жабрак выйграў у латарэю ў Маскве больш за 20 тысяч долараў
Маскоўскі бомж беларускага паходжання выйграў у латарэю 700 тысяч расійскіх рублёў.
62-гадовы жабрак Юры купіў латарэйны квіток на апошнія грошы. І менавіта гэты квіток апынуўся выйгрышным. На гэтыя грошы бяздомны збіраецца пабудаваць сабе на радзіме жыллё, паведамляе сайт "Подробности".
Доўгі час мужчыну не шанцавала. Спачатку ён працаваў трэнерам у спартовай школе ў Беларусі, але потым страціў сям'ю ў ДТЗ і застаўся без жытла. На заробкі ён адправіўся ў Маскву. Там быў і ліфцёрам, і грузчыкам, і рознарабочым.
Цяпер з выйгрышам бяздомны збіраецца вярнуцца ў Беларусь. На атрыманыя грошы ён хоча пабудаваць хату і жыць там разам са сваім сабакам.