Андрэй Ажароўскі абскардзіць дэпартацыю з Беларусі

Паведамленне пра высылку падпісаў выканаўца абавязкаў кіраўніка Маскоўскага РУУС. У дакуменце ўказана, што разгляд пытання аб дэпартацыі будзе праходзіць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 28 ліпеня каля 8-й гадзіны раніцы, і Ажароўскі мае права прысутнічаць пры гэтым.

Аднак пытанне аб дэпартацыі было вырашанае ў пазасудовым парадку. Расійскі фізік пры гэтым адсутнічаў, бо ўжо ехаў у цягніку да Смаленска.

“У Мінску засталіся мае рэчы і патрэбныя мне дакументы. Маю крэдытную картку канфіскавалі з маіх асабістых рэчаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і купілі мне па ёй без майго ведама квіток на цягнік да Смаленска”, — цытуе Андрэя Ажароўскага інфармагенцтва БелаПАН.

Пры гэтым пастанова суда, на падставе якой фізіка дэпартавалі з Беларусі, яшчэ не набыла моц, бо ён паспеў напісаць на яе касацыйную скаргу. Разгляд скаргі ў Мінскім гарадскім судзе прызначаны на 30 ліпеня.

Нагадаем, Андрэй Ажароўскі быў затрыманы ў Мінску 18 ліпеня. Разам з іншымі экалагічнымі актывістамі фізік збіраўся перадаць у пасольства Расіі адкрыты зварот супраць падпісання генеральнага кантракта на будаўніцтва АЭС у Беларусі. У той жа дзень Ажароўскага прысудзілі да 10 сутак арышту за лаянку ў грамадскім месцы.

Фота: Радыё "Свабода".