Аляксеева — мінскаму юнаку: “О, дык мы з вамі ў адным аддзяленні сядзелі!”

Людміла Аляксеева — старшыня Маскоўскай Хельсінскай групы, а таксама адна з яе заснавальніц. Яна ўдзельнічала ў першым савецкім праваабарончым мітынгу 5 снежня 1965 года ў Маскве, пазней знаходзілася ў вымушанай эміграцыі ў Амерыцы, вярнулася, калі разваліўся СССР. Нават цяпер, у 83 гады, яна працягвае хадзіць на мітынгі, яе затрымоўваюць, а на адной з акцый неўраўнаважаны чалавек ударыў яе па галаве…

У Мінску Людміла Міхайлаўна спачатку распавяла, як яны ў савецкі час падпольна перадрукоўвалі забароненую літаратуру, перавозілі ў тралейбусе па 100 кніг Салжаніцына, выходзілі на мітынгі ў 1960-я гады. Потым нашая моладзь задавала расійскай легендзе пытанні. Нечакана высветлілася, што сярод прысутных ёсць “стары знаёмы” Людмілы Міхайлаўны! Гэта мінскі юнак-лімонавец, які спытаў у Аляксеевай, як ёй сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.

Людміла Аляксеева: “Нават горш, чым у Расіі. Хоць і ў Расіі вельмі дрэнна”.

Юнак: “Дарэчы, я быў з Вамі ў адным аддзяленні міліцыі!”

Людміла Аляксеева: “Вы таксама ў Цвярскім?”

Юнак: “Так, гэта перад Новым годам”.

Людміла Аляксеева: “А, тады ж вас павялі ў камеру, а мяне адвялі да Калакольцава, начальніка гарадской міліцыі. Калі мне сказалі, што ўсе ідуць у камеру, а мяне чакае машына, каб ехаць да начальніка, я хацела сказаць: “Не! Я пайду з усімі!” А потым падумала, што гэта ж навагодняя ноч трэба дамагчыся, каб усіх вызвалілі. І, трэба сказаць, удалося вызвалілі!”

Юнакі пыталіся, чаму апошнім часам яна не выходзіць на Трыумфальную плошчу, а праводзіць альтэрнатыўныя мітынгі на Пушкінскай.

Людміла Аляксеева: “Выйсці на Трыумфальную, каб пабіцца з міліцыяй? Ведаеце, я ўвогуле мірны чалавек, а ў 83 гады мая мірнасць узрасла да незвычайных памераў! І ніякага жадання біцца з міліцыяй у мяне няма”.

 

 

Потым у Аляксеевай зазваніў мабільнік. Чалавек на тым канцы паведамляў, што нейкая справа вырашылася станоўча. Калі Людміла Міхайлаўна паразмаўляла, яна патлумачыла прысутным.

Людміла Аляксеева: “Вой, гэта гей-парады! (смех у аўдыторыі). А чаго вы смяецеся? Насамрэч, яны гэткія ж людзі, як і ўсе астатнія! Але адзін з іх як і я, па прозвішчы Аляксееў падаў на мяне ў суд. Хоць мы іх абараняем. Але я сказала, каб да мяне звяртаўся хто-небудзь іншы, а не ён. Бо ён адзін раз мне схлусіў, і я сказала, што не хачу мець з ім справаў, бо ён хлус. Дык ён падаў у суд, што я яго абразіла, назвала хлусам. Але суд вырашыў, што гэта ацэначнае меркаванне. Дык цяпер мне патэлефанавалі і сказалі, што ён сцяміў і вырашыў не падаваць апеляцыю. А калі я прыеду, ён папросіць у мяне прабачэнні! Я шчаслівая! (усміхаецца)”.

 

У Людмілы Аляксеевай спыталіся, што яна мяркуе пра закрыты суд над гродзенскім журналістам Андрэем Пачобутам.

Людміла Аляксеева: “Насамрэч такой, як раней, закрытасці ўжо няма вы ж ведаеце, што адбываецца на гэтых працэсах. Пра гэта пішуць я чытала ў нашых газетах пра суды ў Беларусі. У нас таксама такія рэчы робяць. І гэта, вядома, незаконна. Супраць гэтага трэба пратэставаць”.

Апроч ўспамінаў пра мінулае і цікавых гісторый, старэйшая расійская праваабаронца дзялілася некаторымі думкамі з дзён сённяшніх. У прыватнасці, распавяла, што шчыльна супрацоўнічае з чыноўнікамі ў справе правоў чалавека. І прыйшла да наступнай высновы.

Людміла Аляксеева: “Вось нядаўна я так прааналізавала, якім чынам мы дамагаемся сваіх поспехаў. І прыйшла да вельмі сумнай высновы: што ў большасці выпадкаў мы дамагаемся выканання правоў чалавека неправавымі метадамі... Умоўна кажучы, нехта здымае слухаўку, тэлефануе некаму і пытанне вырашаецца. Сапраўды, я ж не магу патэлефанаваць нашаму міністру ўнутраных спраў Нургаліеву у мяне нават няма яго тэлефона. А чыноўнік можа ён і мабільнік Нургаліева мае”.

 

Аляксеева адзначыла, што такія метады заганныя. І маюць права на жыццё толькі ў выпадку, калі такім чынам можна вызваліць чалавека з-за кратаў, аблегчыць яго пакуты.

Людміла Аляксеева: “Мы гэта абмяркоўвалі ўжо тут, у Беларусі. Калі гэта датычыцца лёсу чалавека ці некалькіх людзей, калі гэта катаванні гэта чалавечая драма. Шчыра кажучы, я лічу, якім спосабам можна дапамагчы   тым і трэба дапамагаць. Вось няхай выйдзе на свабоду а ўжо потым мы будзем патрабаваць, каб яго рэабілітавалі, даказваць яго невінаватасць…”

Моладзь запыталася ў Людмілы Аляксеевай, ці вялікая праблема тое, што з-за палітычнай сітуацыі з’язджае моладзь. Папрасілі параўнаць са сваім ўласным ад’ездам з СССР.

Людміла Аляксеева: “Гэта не спосаб барацьбы. Але чалавек мае права на гэта. Як кажа даўняя прымаўка, “рыба шукае дзе глыбей, а чалавек дзе лепей”. Так заўсёды было і будзе. У прыватнасці, я з’ехала не таму што надта хацела… Гэта быў паратунак ад арышту. Я з’ехала ў 1977 годзе і на той час большасць маіх сяброў ці сядзелі, ці ўжо адседзелі. Мой муж адседзеў 5 гадоў у сталінскім лагеры паводле палітычнага артыкулу. І ён лічыў, маючы на тое падставы, што жанчыне не месца ў лагеры”.