Алеся Пушкіна асудзілі на 12 сутак
Такі вырак вынесла суддзя Ленінскага раёна Мінску Марына Запаснік. Адбываць арышт Пушкін будзе ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
У чым абвінавацілі мастака, па-ранейшаму невядома. Сакратар суддзі адмаўляецца паведамляць прычыну арышту, перадае Радыё "Свабода". У канцылярыі адміністрацыйных справаў суда заяўляюць, што Пушкін асуджаны за несанкцыяваную вулічную акцыю.
Нагадаем, што 5 снежня ўдзень Пушкін паспеў паведаміць па тэлефоне, што ён затрыманы. Пасля гэтага інфармацыя пра яго лёс адсутнічала.
Напярэдадні мастак зладзіў перфоманс — наведаў Вярхоўны суд з партрэтам змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага. Пушкін абскарджваў рашэнне Смаргонскага суда, які за такі ж перфоманс асудзіў яго на 10-суткавы арышт.
Фота — svaboda.org