29 спецназаўцаў лічаць сябе пацярпелымі ад дзеянняў аднаго Мікіты Ліхавіда

18:41 Абвешчаны перапынак да раніцы 23 сакавіка. Працэс адновіцца а 10-й раніцы. Засталося дапытаць 19 спецназаўцаў. Тым, каго апыталі сёння, суддзя дазволіла на суд не прыходзіць.

Пасля абвяшчэння перапынку маці Мікіты Ліхавіда спрабавала пералдаць яму пасылку, але суддзя забараніла.

18:33 Пачынаецца допыт чарговага спецназаўца. Гэта - Аляксей Сакач, ён таксама міліцыянт ПМСП. Родам з Рагачова. Ён расказвае, што яго ўдарылі па руцэ, але ён здолеў утрымаць шчыт і абараніцца ад нападнікаў.

18:27 Комар кажа, што атрымаў па галаве. У пратаколе следчага і выніках спецэкспертызы запісана, што была траўма калена.

Да Ліхавіда прэтэнзій не мае, на Плошчы яго не бачыў.

18:19 Наступны пацярпелы - Комар, міліцыянт ПМСП.

18:17 Імя спецназаўца, які зараз дае паказанні - Юры Давідовіч. Ён ужо ўдзельнічаў у працэсе Брэуса і Гапонава. Таксама ў СМІ сцвярджалася, што менавіта ён 6 гадоў таму прылюдна ўдарыў Святлану Завадскую.

Давідовіч не чуў заклікаў разысціся на Плошчы. Пагромаў і падпалаў не бачыў. Ён таксама не ведае ў твар Ліхавіда і прэтэнзій да яго не мае.

18:10 Пачаўся допыт наступанаг пацярпелага. Адвакат двойчы прасіла зрабіць перапынак і двойчы атрымала адмову. У зале вельмі душна, перапынак а 10-й гадзіны быў толькі адзін раз на 40 хвілін. Вокны немагчыма адчыніць, бо яны закрытыя кратамі.

17:55 Волкаў кажа, што дэманстранты білі яго па шчыце, адзін удар трапіў у калена. Спецназавец чуў заклікі разысціся, сам людзей разысціся не прасіў. Да Ліхавіда ніякіх прэтэнзій не мае.

17:45 Пачынаецца допыт пацярпелага Волкава, ён, як і папярэднія пацярпелыя, міліцыянт ПМСП Мінгарвыканкама.

17:42 Бажок прэтэнзій да Ліхавіда не мае, ён яго не ведае.

Бажок расказвае пра сваю траўму: "Ударылі па патыліцы і зорачкі закруціліся ў вачах". У пратаколе следчага аднак пазначана, што Бажка ўдарылі па спіне. Спецназавец кажа, што пратакола допыту ён нават і не чытаў, а падпісаў проста так. "Гэта ж проста працэдура такая", - кажа ён.

Бажок расказвае, што мала бачыў на Плошчы і мала што чуў. Кажа, што яго асляпілі фотакамеры і ён толькі чуў крыкі людзей. Не бачыў пабітых шыбаў, ні пагромаў, кажа, што дэманстранты баяліся спецназаўцаў. Распавядае і пра салдатаў, што разганялі людзей.

17:30 Пачынаецца допыт пацярпелага спецназаўца Юрыя Бажка.

Скараход кажа, што ў Дом Урада спрабавалі прабіцца 35 чалавек, 2-3 з іх мелі драўляныя палкі ў руках.

17:17 Пачынаецца допыт пацярпелага Скарахода. Ён таксама спецназавец. Допыты пацярпелых становяцца ўсё карацейшымі.

Адвакату Скараход паведаміў, што бачыў на плошчы багор і ледаруб. Яны таксама ляжалі каля помніка Леніна ўжо пасля таго, як людзей адагналі з плошчы Незалежнасці.

16:56 Пачаўся допыт міліцыянера Булавацкага - супрацоўніка ПМСП.

Булавацкі паўтарае свае паказанні з працэса Брэуса і Гапонава. Кажа, што дэманстранты білі спецназаўцаў нагамі па шчытах. Пагромы на Плошчы Незалежнасці ён не бачыў, кажа, што бачыў потым па тэлевізары. Ліхавіда ён не ведае.

16:49 Майсееў распавёў, як пасля разгону ён зведаў моцны стрэс, эмацыйны шок. Ужо ў службовым транспарце ён пабачыў, што калена моцна пашкоджана. Расказвае, што пашкоджанымі былі і службовыя штаны. Майсееў кажа, што хацеў прынесці падраныя штаны сёння на суд, але забыў.

16:33 Пачынаецца допыт Юрыя Майсеева. Ён - міліцыянт ПМСП.

Майсееў распавядае, што ў нейкі момант нешта вылецела з натоўпу і здырыла яго ў калена. Ён адчуў моцны боль, але выстаяў. На плошчы бачыў арматуру. Рыдлёвак і ледарубаў не бачыў.

16:32 Ігар Зянькевіч на Плошчы зброі ў руках дэманстрантаў не бачыў. Яго хутка дапыталі. Мікіту Ліхавіда ён не бачыў, прэтэнзій да яго не мае.

16:22 Пачаўся допыт трэцяга пацярпелага -- Зянкевіча. Раней ён не меў дакументаў і адвакат не пагадзілася браць у яго паказанні. Зараз Зянкевіч прынёс службовае пасведчанне. Ён, як і Кашталянаў, былі пацярпелымі на працэсе Брэуса і Гапонава.

16:04 Адвакат запытала ў Кашталянава, ці бачыў ён на Плошчы ўзброеных людзей, ці ведае ён Ліхавіда. Кашталянаў на абодва пытанні адказаў - не.

Пасля гэтых пытанняў суддзя папрасіла адваката не зацягваць працэс. Адвакат адказала, што проста спрабуе высветліць ці мелі месца на Плошчы масавыя беспарадкі, ва ўдзеле ў якіх вінавацяць яго падабароннага.

Кашталянаў, як і на працэсе Брэуса і Гапонава, расказаў, што бачыў, як дэманстранты выкарысталі вогнетушыцель.

15:54 Адвакат запытала ў Кашталянава, колькі чалавек спрабавалі трапіць у Дом Урада і білі вокны. Ён задумаўся і пасля кароткай паўзы сказаў - 35 чалавек.

15:51 На пытанне адваката, ці звяртаўся Кашталянаў да дэманстрантаў з патрабаваннем адысці ад Дома Урада, ён адказаў наступнае: «А навошта звяртацца? Усе людзі, што знаходзіліся на ганку Дома Урада, здзяйснялі супрацьпраўную дзейнасць. Мы іх адтуль прыбралі з прымяненнем фізічнай сілы».

15:39 Адвакат спрабуе высветліць у Кашталянава, дзе знаходзіўся вялікі МАЗ, абсталяваны дынамікамі, з якіх гучалі заклікі разысціся. Міліцыянт, які спачатку казаў, што бачыў грузавік і чуў заклікі разысціся, зараз дакладна не можа паведаміць, дзе гэты аўтамабіль знаходзіўся. Ён таксама мяркуе, што дэманстранты маглі захапіць МАЗ, і таму аўтамабіль з'ехаў з Кастрычніцкай плошчы ў невядомым кірунку. Кашталянаў зноў пабачыў яго толькі на Плошчы незалежнасці.

Абмеркаванне гэтай праблемы было настолькі вострым, што суддзя дала папярэджанні і адвакату і пацярпеламу.

15:22. Адвакат Ліхавіда пачала задаваць пытанні Кашталянаву. яна адразу яго папярэділа, што хоча пачуць канкрэтныя і дакладныя адказы, а не асабістыя меркаванні. Намеснік камандзіра ПМСП сумеўся, але працягнуў адказваць.

15:18. На пытанне пракурора, якія пашкоджанні атрымаў Кашталянаў, ён адказаў, што ў пэўны момант адчуў боль у назе. Адкуль яна ўзялася, ён дакладна сказаць не можа.

15:09. Кашталянаў расказвае, як спецназ бараніў Дом Урада: «Мы ўвайшлі смела ззаду і сталі перад іім (дэманстрантамі). Спрацаваў факт нечаканасці. Але потым яны (дэманстранты) пайшлі на нас. Выкарыстоўвалі пляшкі, чаранкі ад рыдлёвак, вудачкі. Былі 3-4 спробы прарвацца. Потым наша камандаванне загадала нам сысці. Калі мы сыходзілі, то дэманстранты спрабавалі вырваць супрацоўнікаў з шэрагу. Аднак асабіста мяне не білі».

Кашталянаў, які сведчыў таксам ана працэсе Брэуса і Гапонава, зараз паўтарае паказанні, дадзеныя тады. Аднак словазлучэнне «бясчынствуюшчая талпа» цяпер не выкарыстоўвае. Дэманстрантаў называе «граждане».

15:02. Адвакат скончыла дапытваць Караваева. Наступны пацярпелы - Зяньковіч, аднак ён не меў дакументаў пры сабе, і адвакат не пагадзілася на тое, каб ён даваў паказанні. Абодва пацярпелыя выйшлі з залы суда.

Зараз паказанні будзе даваць Кашталянаў - намеснік камандзіра палка міліцыі спецпрызначэння.

14:55. Караваеў кажа, што не бачыў Ліхавіда на Плошчы, не бачыў яго супрацьпраўных дзеянняў. Пагромаў, падпалаў, пляшак і каністр з гаручай вадкасцю, вострых металічных прутоў ён таксама не бачыў. Караваеў таксама сказаў, што прымянення зброі дэманстрантамі ён таксама не бачыў.

14:45. Працэс аднавіўся. Адвакат працягвае допыт Караваева. Яна знайшла супярэчнасці ў паказаннях, дадзеным падчас следства і зараз у залі суда. Раней ён казаў, што меў загад адсячы групы людзей, цяпер кажа, што толькі стаяў на плошчы.

13.00 У судзе дапытваюць сведку, спецназаўца Віктара Караваева. Той паведаміў, што на плошчы яго ўдарылі па галаве. Ён думае, што білі металічным прадметам. У выніку ён атрымаў гематому, аднак не ведае, ці на яго шлеме застаўся след ад удару. Ён таксама не ведае, як можна ўпэўніцца ў гэтым.

Адвакат паспрабавала высветліць, якімі інструкцыямі кіраваўся сведка Караваеў. Суддзя спачатку адмовіла ў гэтым, але пасля дадатковых тлумачэнняў дазволіла. Аднак спецназавец адмаўляўся адказваць, ад каго атрымліваў загады. Толькі пасля заўвагі суддзі ён згадаў — кіраўнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Лукомскі Аляксандр Валянцінавіч. Спецназаўцаў упартасць свайго калегі развесяліла, і яны пачалі гучна смяцца — у залі ўсчаўся вэрхал. Судддзя зрабіла заўвагу усім 29 пацярпелым.

12.40 Абвінавачаны кажа, што не бачыў ніякіх сілавых дзеянняў з боку дэманстрантаў у дачыненні да міліцыі. Ён таксама сказаў, што не бачыў ніякай зброі ці небяспечных прадметаў у руках у людзей, што сабраліся на плошчы. Наадварот, ён прыгадаў, як спецназаўцы не давалі разыходзіцца людзям, кажа, што магчымасцяў сысці з Плошчы ў заблакаваных спецназам людзей не было. Расказвае, як спецназ збіваў дзяўчат і хлопцаў.

Таксама Мікіта Ліхавід распавёў, як яго збілі пры затрыманні.

Агенцтва БЕЛТА ў дзень суда над Мікітам Ліхавідам вывесіла змантажаванае відэа допыту грамадскага актывіста. На гэтым відэа Ліхавід апавядае, што ён бачыў і чуў на плошчы 19 снежня.

12.15 Ліхавід адмаўляе, што наносіў удары па супрацоўніках міліцыі. Паведаміў толькі, што бачыў, як адзін са спецназаўцаў на яго вачах згубіў шчыт. Ліхавід разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі вярнулі шчыт міліцыянту.
Ліхавід сцвярджае, што не меў мэты пашкодзіць Дом Урада або трапіць туды, кажа, што проста трапіў паміж натоўпам і Домам Ураду. Юнак назваў ідэю захопу Дома Ўраду глупствам.

11.45 Мікіта Ліхавід дае паказанні. Ён расказаў, што на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня прыехаў а 19.50. Аб правядзенні акцыі даведаўся са СМІ і ад знаёмых. Ён паведаміў, што вырашыў паехаць на акцыю пасля таго, як даведаўся, што туды збіраецца яго сяброўка, з якой нядаўна пасварыўся. М.Ліхавід таксама паведаміў, што турбаваўся за яе і гэта было адной з тых прычын, якія прывялі яго на Плошчу. Аднак там яму яе знайсці не ўдалося.

Юнак адмовіўся паведамляць пркурору імя сяброўкі. Патлумачыў гэта тым, што удзельнікі Плошчы, як правіла, маюць праблемы на вучобе і працы і ён не хацеў бы прычыняць ёй шкоды.

Суддзя адмовілася змяніць яму меру стрымання, паведамляе “Наша ніва”.

11.15 У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак.

11.05 Адвакат Мікіты Ліхавіда просіць перакваліфікаваць справу яе падабароннага. Яна лічыць, што абвінавачанню не ўдалося даказаць таго, што ў Мінску мелі месца масавыя беспарадкі. Адвакат звярнулася да суддзі з хадайніцтвам аб змяненні меры стрымання М.Ліхавіду. Таксама выказала думку, што разгляд справы павінен быць прыпынены да часу збору большай колькасці доказаў віны яе падабароннага.

Абаронца таксама звярнула ўвагу суддзі на станоўчыя характарыстыкі М.Ліхавіда, стан яго здаро’я (у Мікіты хворыя вочы) і малады ўзрост — 20 гадоў.

Пракурор і пацярпелыя з меркаваннем адваката М.Ліхавіда не пагадзіліся. Суддзя пакінула залю паседжання для прыняцця рашэння.

10.50 Суддзя адмовілася задавольваць хадайніцтва адваката. Усе 29 сведкаў-міліцыянтаў будуць сведчыць на працэсе М.Ліхавіда. Паўторнае хадайніцтва адваката юнака таксама было адхіленае.

Пачаў сваю прамову пракурор. Ён паўтарае тое ж, што ўжо гаварылі пракуроры на ранейшых працэсах над удзельнікамі Плошчы. Гучаць словы аб масавых беспарадках, бутэльках з гаручай сумессю, узброеным супраціве супрацоўнікам міліцыі, пашкоджанні Дому урада. Пракурор абвінавачвае М.Ліхавіду ў тым, што ён ламаў дзверы Дома ўраду, аказваў узброены супраціў спецназаўцам, біў нагамі і рукамі ў загароджу, прымаў удзел у масавых беспарадках.
 
Мікіта Ліхавід сваю віну прызнаў часткова — ён пацвердзіў толькі тое, што наносіў удары ў драўляныя шчыты, якімі былі закрытыя вокны Дома урада.

10.00 Прысутных спецназаўцаў бачылі на судовым працэсе супраць Брэуса і Гапонава — моцныя маладыя людзі сцвярджалі, што іх збілі.


Пасля апытання падазраванага суддзя папрасіла ўзняцца пацярпелых. Яны ўзняліся — іх аказалася 29. Адвакат запярэчыла таму, што ўсе 29 супрацоўнікаў міліцыі могуць лічыцца пацярпелымі. Раней толькі 15 з іх фігуравалі ў справе аб масавых беспарадках.
 
З пярэчаннямі адваката не пагадзіўся пракурор, а вось пытанне суддзі да спецназаўцаў, ці лічаць яны сябе пацярпелымі выклікала у іх рознагалоссі — частка супрацоўнікаў праваахоўных органаў выказала жаданне не прызнаваць сябе пацярпелымі. Аднак калі суддзя апытала кожнага з міліцыянтаў асабіста, то яны усе ізноў пагадзіліся быць пацярпелымі, паведамляе “Наша ніва”.