Расследаваннем смерці школьніцы ў Ельску занялася камісія Мінздароўя

У Ельску памерла 14-гадовая школьніца

У Ельску памерла 14-гадовая школьніца / кадр з акаўнту ў TikTok

Службовым расследаваннем па факце смерці 14-гадовай школьніцы ў Ельску занялося Міністэрства аховы здароўя. Там стварылі адпаведную рэспубліканскую камісію. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі меддапамогі міністэрства Леанід Недзень.

"Групай экспертаў ведамства праводзіцца медыцынскае службовае расследаванне, вывучаюцца ўсе матэрыялы здарэння. Таксама праводзіцца аб'ектывізацыя ўсіх фактаў, выкладзеных у інтэрнэт-прасторы і выяўленых рабочай групай па цяперашні момант", — перадае прэс-служба Мінздароўя словы чыноўніка.

Ён заявіў, што інцыдэнт будзе абавязкова разгледжаны на лячэбна-кантрольным савеце Мінздароўя.

Як паведамлялася раней, 17 траўня ў рэанімацыі ельскай раённай бальніцы памерла 14-гадовая школьніца. У СМІ паведамлялася, што дзіця перад тым чатыры дні была з кашлем і хрыпамі. У той дзень яе паклалі ў лякарню, а праз некалькі гадзін бацькам паведамілі, што яна знаходзіцца ў коме і пераведзеная ў рэанімацыю. Некалькі гадзін чакалі прыезду брыгады з Мазыра. Аднак тыя пасля прыезду ў Ельск адмовіліся везці дзяўчынку, бо яна была ў вельмі цяжкім стане. Пасля 23-й гадзіны прыбыла брыгада медыкаў з Гомеля, аднак неўзабаве дзяўчынка памерла.

Следчы камітэт пачаў сваю праверку і перасцярог інтэрнэт-карыстальнікаў ад публікацыі "здагадак і не праверанай кампетэнтнымі асобамі інфармацыі". Таксама СК пагражаў каментатарам крымінальнай справай за паклёп.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.