Расію атакавалі больш за сто дронаў — у 13 аэрапортах часова спынялі палёты

Маскоўскі аэрапорт Дамадзедава

Маскоўскі аэрапорт Дамадзедава / domodedovod.ru

У ноч на 6 траўня Расію атакавала больш за сотню беспілотнікаў. Не менш за 19 з іх былі зафіксаваныя над Масквой. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на расійскія тг-каналы.

У выніку атакі дронаў у 13 расійскіх аэрапортах уначы былі ўведзеныя часовыя абмежаванні на палёты, пішуць расійскія СМІ. У 00:57 паводле маскоўскага часу перасталі прымаць і выпускаць паветраныя судны тры аэрапорты расійскай сталіцы — Унукава, Дамадзедава і Жукоўскі. У 1:15 прыпыніў працу аэрапорт Шарамеццева. У гэты ж час абмежавальныя меры ўвялі ў аэрапортах Калугі, Валгаграда і Саратава. Крыху пазней да абмежаванняў палётаў далучыліся аэрапорты Самары, Іванава, Ніжняга Ноўгарада і Яраслаўля. У 5:40 раніцы прыём і выпуск самалётаў часова спынілі ў Казані і Ніжнякамску.

Аднаўляць працу аэрапорты пачалі па чарзе з пятай гадзіны раніцы.

У расійскім Мінабароны заявілі, нібыта збілі 105 беспілотнікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.