Расіяне могуць атакаваць Кахоўскую ГЭС — 239-е раніца вайны

Кахоўская ГЭС / РИА Новости
Кахоўская ГЭС / РИА Новости

Мяркуючы па ранішняй зводцы Генштаба УСУ, на фронце без істотных пераменаў. Расіяне спрабуюць атакаваць на Данбасе, у раёне Бахмута і Аўдзееўкі. Украінцы адбіваюць атакі ў Луганскай і Данецкай абласцях. У Луганскую вобласць, паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, прыбыло падмацаванне з ліку мабілізаваных расіян. "Адзначаны шматлікія выпадкі рабаванняў і марадзёрства. Не выключана, што значная колькасць названага кантынгенту прыбыло з месцаў пенітэнцыярных устаноў", гаворыцца ў зводцы ўкраінскага Генштаба.

Акрамя таго, мяркуюць украінскія вайскоўцы, "ёсць вялікая верагоднасць, што расійскія акупанты будуць страляць па мірным насельніцтву Херсонскай вобласці". Акрамя Херсона расіяне эвакуююць людзей і з Новай Кахоўкі. 

У Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны не выключаюць, што расіяне могуць атакаваць Кахоўскую гідраэлектрастанцыю "пад ілжывым сцягам", абвінаваціць у гэтым украінцаў і такім чынам апраўдаць сваё адступленне з правага берага Дняпра. А разам з тым затрымаць прасоўванне ўкраінскіх войскаў.

Эксперты Інстытута мяркуюць, што ўсімі гэтымі дзеяннямі расіяне "верагодна, ствараюць інфармацыйныя ўмовы, каб апраўдаць запланаваныя расійскія адступленні і значныя тэрытарыяльныя страты ў Херсонскай вобласці". Нагадаем, спачатку камандуючы Ўзброенымі сіламі Расіі ва Украіне генерал арміі Сяргей Суравікін заявіў, што расійскаму вайсковаму кіраўніцтву даводзіцца прымаць "складаныя рашэнні" ў Херсонскай вобласці. А затым кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсона Уладзімір Сальда заклікаў людзей з'ехаць на левы бераг у чаканні "буйнамаштабнага" ўкраінскага наступу.

"Расійскія вайсковыя лідары, відавочна, вынялі ўрокі з папярэдніх інфармацыйных і аператыўных няўдач падчас нядаўняга ўкраінскага контрнаступлення ў Харкаўскай вобласці", мяркуюць у Інстытуце. Цяпер расіяне спрабуюць змякчыць наступствы сваіх магчымых няўдач.

Россияне могут атаковать Каховскую ГЭС и обвинить в этом ВСУ  — 239-е утро войны
Эвакуацыя жыхароў Херсона на левы бераг Дняпра / ТАСС

Гэтая ноч была нервовай у Крыварожскае раёне, піша кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Па яго словах, "расіяне нанеслі ўдар па прамысловым прадпрыемстве і аб'екце энергетычнай інфраструктуры". Ёсць сур'ёзныя разбурэння. Працуюць усе службы. Людзі, папярэдне, не пацярпелі.

У Кіеве пасля ўдараў па энергасістэме пачалі прымусова эканоміць электрычнасць. На час выключаюць электразабеспячэнне і больш выкарыстоўваюць аўтобусы. Яны павінны замяніць частку тралейбусаў. Пра гэта паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

Спробы атакаваць Кіеў працягваюцца. Напярэдадні на кіеўскім кірунку ўзброеныя сілы Украіны збілі 10 іранскіх дронаў-камікадзэ Shahed-136, яшчэ 11 беспілотнікаў абясшкодзілі на поўдні краіны. Пра гэта ў традыцыйным звароце казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Але былі і трапленні, у тым ліку у аб'екты крытычнай інфраструктуры. Учора расіяне знішчылі яшчэ тры энергааб'екты.

"Мы зробім усё магчымае, каб аднавіць нармальныя энергетычныя магчымасці нашай краіны. Але для гэтага трэба час. І для гэтага патрэбныя нашы з вамі сумесныя намаганні", — заявіў Зяленскі і зноў папрасіў украінцаў эканоміць электрычнасць.

Украінскі прэзідэнт пракаментаваў таксама пастанову Уладзіміра Пуціна абвясціць "ваеннае становішча" на акупаваных тэрыторыях. На думку Зяленскага, гэта сведчыць пра істэрыку ў "таварышаў чэкістаў". "Расія палову года цуралася нават слова "вайна", карала за яго сваіх жа людзей крымінальнымі справамі, а цяпер сама ж абвяшчае "ваеннае становішча" на акупаваных тэрыторыях", — адзначыў Зяленскі.

Загады Пуціна аб увядзенні ваеннага становішча на часова акупаваных тэрыторыях Украіны з'яўляюцца "адчайнай" спробай забяспечыць тут кантроль. Пра гэта заявіў намеснік прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Ведант Патэл, яго словы прыводзіць CNN.

"Ні для каго не павінна быць здзіўленнем, што Расія звяртаецца да адчайнай тактыкі, каб паспрабаваць усталяваць кантроль у гэтых абласцях", — сказаў Пател. Але праўда заключаецца ў тым, адзначыў прадстаўнік Дзярждэпу, што людзі ва Украіне адвяргаюць  незаконнае ўварванне РФ і сілавы захоп украінскай тэрыторыі. Пател падкрэсліў, што "што б ні казаў і ні рабіў Крэмль, што б яны не спрабавалі ўвесці "указамі" на паперы, Крым, Данецк, Херсон, Луганск і Запарожжа з'яўляецца суверэннай тэрыторыяй Украіны".

ЕС гатовы ўвесці санкцыі супраць Ірана за дапамогу Расіі ў вайне супраць Украіны. Абмежаванні ўжо папярэдне адобраны. Пад санкцыі трапяць кампанія-распрацоўшчык дронов-камікадзэ Shahed і тры генералы. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс-Украіна" са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў. Рашэнне можа быць зацверджана і адобрана ўжо сёння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.