Расія нанесла ўдар па Сумах у Вербную нядзелю: загінула больш за 20 чалавек

Расійская армія атакавала балістычнымі ракетамі ўкраінскі горад Сумы / Украинская правда
13 красавіка, калі праваслаўныя адзначаюць Вербную нядзелю, Расія нанесла балістычны ўдар па горадзе Сумы. У выніку атакі загінула больш за 20 чалавек, больш за 83 — параненыя, паведаміў выконваючы абавязкі мэра Арцём Кобзар.
“У гэты светлы дзень Вербнай нядзелі наша супольнасць перажыла страшную трагедыю. Вораг нанёс ракетны ўдар па мірных жыхарах”, — напісаў мэр.
Паводле дадзеных абласной ваеннай адміністрацыі, расійскія вайскоўцы запусцілі дзве балістычныя ракеты па Сумах.
У выніку ўдару пацярпелі жылыя дамы, навучальныя ўстановы і аўтамабілі.







“Вораг ударыў ракетамі па звычайнай гарадской вуліцы… І гэта ў дзень, калі людзі ідуць у цэрквы: Вербная нядзеля, свята Ўезду Госпада ў Ерусалім. Паводле папярэдніх дадзеных, гаворка ідзе пра дзясяткі загінулых і параненых мірных жыхароў. Толькі нелюдзь так можа дзейнічаць”, — напісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Ён выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых і заклікаў сусветную супольнасць узмацніць ціск на Расію.
“Патрэбная жорсткая рэакцыя свету. Злучаных Штатаў, Еўропы, усіх у свеце, хто жадае заканчэння гэтай вайны і забойстваў”, — падкрэсліў Зяленскі.
У горадзе працягваюцца выратавальныя працы, улады займаюцца ліквідацыяй наступстваў абстрэлу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.