Рашэнне пракуратуры спыніць справу "цыбульнага плантатара" абскарджваюць у ФРГ
Ёрг Дорнау (злева) са сваім кампаньёнам / "Лідская газета"
Нямецкі адвакат Фердынанд Морс падаў скаргу на рашэнне пракуратуры спыніць справу супраць палітыка Ёрга Дорнау, які валодае цыбульнай фермай у Беларусі, паведамляе DW.
Пра тое, што пракуратура Лейпцыга вырашыла спыніць расследаванне супраць дэпутата Саксоніі, стала вядома ў другой палове снежня. Праваахоўнікі вырашылі, што ён не ўчыніў злачынстваў, за якія яго можна прыцягнуць да адказнасці ў Германіі.
У Беларусі Дорнау з'яўляецца саўладальнікам кампаніі "Цыбулька-Бел". Як выявілі СМІ, гэтая кампанія выкарыстоўвае працу зняволеных, у тым ліку асуджаных па палітычных матывах.
На думку адваката, пракуратура "памылкова выказала здагадку", што вязні выконвалі працу для кампаніі Дорнау добраахвотна. Адвакат адзначае, што гэта была прымусовая праца. У якасці пацвярджэння сваёй думкі ён спасылаецца на справаздачы праваабарончых арганізацый і паказанні сведкаў.
Таксама Морс называе расследаванне пракуратуры няпоўным. Ён мяркуе, што ў пракуратуры не ўзялі пад увагу заяву пацярпелых, памылкова ацанілі ўмовы працы на ферме, праігнаравалі правы ахвяр. Ён заклікае пракуратуру правесці ўсебаковае расследаванне, уключаючы допыт сведкаў.