Пяскоў: паглынання Беларусі Расіяй у выніку візіту Лукашэнкі быць не можа

Пяскоў: паглынання Беларусі Расіяй у выніку візіту Лукашэнкі быць не можа

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў будучы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву і версіі, што што пасля яго Расія паглыне Беларусь. 

"Вядома ж, ніякіх зліццяў, паглынанняў і гэтак далей быць не можа як вынік візіту. Гэта абсалютная лухта", — прыводзіць ТАСС словы Пяскова.

Афіцыйны прадстаўнік Крамля заявіў, што блізкі візіт Лукашэнкі вельмі важны з улікам тых падзей, якія цяпер перажывае Беларусь.

Ён нагадаў, што кожны раз на беларуска-расійскіх перамовах на вышэйшым узроўні абмяркоўваецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, пытанні па запазычанасцях, пытанні па энергарэсурсах, пастаўках нафты, нафтапрадуктаў і газу. Таксама на бліжэйшай сустрэчы плануецца абмеркаваць інтэграцыю ў рамках ЕАЭС, СНД і Саюзнай дзяржавы.

Пяскоў таксама не ведае, ці абмяркоўвалася прадметна стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра Беларусі і Расіі.

"Стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра — гэта вельмі істотны крок на шляху паглыблення расійска-беларускай інтэграцыі. Мне невядома пра тое, што прадметным чынам гэтая тэма абмяркоўвалася, і, вядома, гэта ўсё ж пытанне волі дзвюх краін, пакуль такой волі не агучвалася", — патлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка раней неаднаразова заяўляў, што ён прынцыпова не супраць пераходу на адзіную валюту, але гэта не павінен быць расійскі рубель. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.