П'яная брэстаўчанка збіла дарожны знак

П'яная брэстаўчанка збіла дарожны знак

Кур'ёзны выпадак адбыўся з экіпажам ДАІ ў Брэсце каля 2-й гадзіны ночы 6 чэрвеня, піша сайт gaibrest.by

Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы на паркоўцы АЗС на на вуліцы Піянерскай складалі пратакол на парушальніка Правілаў дарожнага руху. У гэты момант яны пачулі пранізлівы гучны віск пакрышак і выццё матора. Уключыўшы пробліскавую сігналізацыю, інспектары паехалі на скрыжаванне вуліцаў Янкі купалы і Піянерскай. 

Там яны пабачылі, як аўтамабіль "Мерсэдэс" апісваў кругі проста на скрыжаванні. Заўважыўшы ДАІ, кіроўца паспрабаваў уцячы па вуліцы Піянерскай. Але пры ўз'ездзе на пуцеправод кіроўца не справіўся з кіраваннем і наехаў на дарожны знак і бардзюрны камень, а потым з'ехаў у левы па ходзе руху кювет.

За рулём іншамаркі была 26-гадовая брэстаўчанка. Пры аварыі яна атрымала лёгкія траўмы ў выглядзе ранак і драпін. Медагляд паказаў, што жанчына была нецвярозай — 2,5 праміле.

На дрыфтаршу склалі пратакол. Акрамя штрафу яна заплаціць за аднаўленне сапсаванай ёю дарожнай інфраструктуры.