Прысуд па справе "Рабочага Руху": ад 11 да 15 гадоў калоніі
Палітвязні ў Гомельскім абласным судзе / gp.by
17 лютага Гомельскі абласны суд (суддзя — Аляксандр Піскуноў) агучыў прысуд па справе "Рабочага Руху": ад 11 да 15 гадоў калоніі. Вінаватымі прызнаныя ўсе дзесяць чалавек, якія праходзяць па справе: у "здрадзе дзяржаве", "стварэнні экстрэмісцкага фармавання". Гэта — Сяргей Шэлест — 14 гадоў, Уладзімір Жураўка — 15, Андрэй Пагерыла — 14, Ганна Аблаб — 11, Аляксандр Гашнікаў — 14, Сяргей Дзюба — 12, Ігар Мінц — 12, Валянцін Цераневіч — 12, Сяргей Шамецька — 15, Аляксандр Капшуль — 15 гадоў калоніі (яго прызналі вінаватым яшчэ і ў "незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў"). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова прызналі вінаватымі ў "паклёпе".
Праваабаронцы прызналі іх усіх палітвязнямі.
Суд праходзіў больш за тры месяцы, у асноўным у закрытым рэжыме. Абвінавачаныя адмовіліся прызнаць віну і даваць паказанні. Капшуль аб'яўляў галадоўку, пратэстуючы супраць умоваў утрымання ў гомельскім СІЗА.
КДБ заяўляў, што ўдзельнікі "Рабочага Руху" планавалі спыніць вытворчасць на "Гродна Азоце", БМЗ, збіралі "службовую інфармацыю абмежаванага характару" пра тое, як прадпрыемствы абыходзяць заходнія санкцыі.