Па "справе Гаюна" толькі ў Брэсце затрымалі 50 чалавек — Стрыжак

"Беларускі Гаюн" / Telegram
У Брэсцкім СІЗА ў траўні было да 50 чалавек, затрыманых па "справе Беларускага Гаюна". Пра гэта паведаміў у сацсетках заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
"Агульная колькасць арыштантаў СІЗА — да 280 чалавек, з якіх каля 60-70% гэта палітычныя. Па нашых дадзеных, тэрмін утрымання за кратамі фігурантам "справы Гаюна" працягваецца праз складанасць справы", — напісаў Стрыжак.
Таксама ён дадаў, што ў мясцовае СІЗА рэгулярна прывозяць людзей, затрыманых на беларуска-польскай мяжы, "што негледзячы на папярэджанні, едуць у Беларусь, маючы пратэстны бэкграўнд".
Раней праваабаронцы "Вясны" паведамлялі пра 26 пацверджаных фігурантаў "справы Гаюна". Па гэтай справе прайшло як мінімум ужо шэсць судоў.
"Беларускі Гаюн" — маніторынгавы праект, які адсочваў вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі прызнаў яго "экстрэмісцкім". У лютым 2025-га сілавікі атрымалі доступ да персанальных звестак людзей, якія перадавалі інфармацыю ў чат "Беларускага Гаюна". Пасля гэтага кіраўнік праекта Антон Матолька абвясціў пра яго закрыццё. Цягам некалькіх месяцаў праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні па гэтай справе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.