Польскія спецслужбы апыталі амаль усіх супрацоўнікаў НАУ

Павел Латушка і Арцём Брухан на прэс-канферэнцыі 31 ліпеня / Еўрарадыё
Польскімі службамі былі дапытаны амаль усе супрацоўнікі НАУ па справе знікнення Анжалікі Мельнікавай. Пра гэта распавёў падчас прэс-канферэнцыі 31 ліпеня ў Варшаве кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Следства працягваецца. Таксама арганізацыя праводзіць сваё расследаванне сумесна з “Кіберпартызанамі”. Але пакуль няма ніякай канкрэтнай інфармацыі, няма звестак, дзе цяпер знаходзіцца Мельнікава.
— Польскі бок [у нефармальнай камунікацыі. — Рэд.] мне кажа, што ў іх гэта таксама выклікае вялікую заклапочанасць: сама фізічная асоба не можа арганізаваць сваё знікненне на такі працяглы час, калі не магчыма атрымаць хоць нейкія звесткі аб месцы яе знаходжання, — кажа Латушка.
Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь 25 сакавіка 2025 года. У красавіку Люблінскі аддзел Дэпартаменту барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы распачаў расследаванне паводле артыкула 189 “Прымусовае пазбаўленне волі” КК Польшчы ў дачыненні да знікнення спікеркі КР і яе дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.