Польшча заяўляе, што мігранты на мяжы пачалі паводзіць сябе больш жорстка
Польска-беларуская мяжа / x.com/Straz_Graniczna
Сітуацыя на польска-беларускай мяжы абвастрылася, сказаў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Паводле яго слоў, замежнікі, якія з боку Беларусі спрабуюць патрапіць у ЕС у абыход рэгулярных працэдур, сталі паводзіць сябе жорстка. Мігранты дзейнічаюць у складзе вялікіх груп, яны кідаюць камяні або галіны, а таксама спрабуюць праламаць загароджу балгаркамі.
Толькі за ноч з пятніцы на суботу было зафіксавана некалькі сотняў спроб пранікнення ў Польшчу.
"Усё гэта створана, усё гэта скіравана", — кажа Касіняк-Камыш, адмаўляючы натуральны характар такой міграцыі.
Паводле яго слоў, задача людзей, якіх выкарыстоўваюць у гэтых працэсах, — не патрапіць у Еўрасаюз, а "напасці на Польшчу". Вынікам міграцыйнага крызісу стала рашэнне Польшчы больш не прымаць заявы аб прадастаўленні прытулку, якія падаюцца мігрантамі, калі тыя спрабуюць перасекчы мяжу ў абыход рэгулярных працэдур.
"Нам неабходна выразна і недвухсэнсоўна заявіць усім тым, хто думае, што з дапамогай Беларусі і Расіі яны лёгка знойдуць нелегальны шлях у Еўропу: яны яго не знойдуць, таму што мы не прымаем заявы аб прадастаўленні прытулку. <...> Мы проста хочам перасцерагчы іх ад патрапляння ў пастку беларускага і расійскага рэжымаў", — сказаў польскі міністр.
Палажэнне аб часовым абмежаванні права на падачу хадайніцтва аб прадастаўленні міжнароднай абароны ўступіла ў сілу 27 сакавіка. Абмежаванне права на запыт прытулку будзе дзейнічаць цягам 60 дзён, але тэрмін дзеяння можа быць падоўжаны яшчэ на 60 дзён.