"Павуцінне": Як выглядалі дроны, якімі былі атакаваныя расійскія авіябазы
Аперацыя "Павуцінне" / СБУ
Аперацыю "Павуцінне", у выніку якой быў пашкоджаны 41 самалёт стратэгічнай авіяцыі Расіі, Служба бяспекі Украіны рыхтавала больш за паўтара года. Яна была звышскладанай з лагістычнага пункту гледжання.
СБУ спачатку пераправіла ў Расію FPV-дроны, а пазней — мабільныя драўляныя "домікі" для іх. Потым на тэрыторыі Расіі дроны былі схаваны пад накрыўкі "домікаў", якія ўжо былі размешчаныя на грузавых аўто. У патрэбны момант вечкі домікаў былі дыстанцыйна адчыненыя, і беспілотнікі вылецелі на спатканні з расійскімі бамбавікамі.
Крыніцы ў СБУ кажуць, што людзі, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, ужо даўно знаходзяцца ва Украіне. Так што, калі пуцінскі рэжым паказальна затрымае кагосьці, гэта будзе толькі пастаноўкай для ўнутранай аўдыторыі.