Пастаўкі іранскіх дронов РФ абмяркуюць у Радзе Бяспекі ААН — 238-я раніца вайны
Апошнія дні ўкраінскія гарады пакутуюць ад нападаў дронаў-камікадзэ / hromadske
Без святла засталіся гэтай ноччу жыхары некалькіх грамад у Крыварожскім раёне і адным з мікрараёнаў Крывога Рогу. Расіяне ўсю ноч білі па вобласці з рознай зброі і патрапілі ў аб'ект энергетычнай інфраструктуры, піша кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Прапала электрычнасць, абясточаны помпавыя станцыі мясцовых водаканалаў. Ёсць перабоі з вадой. Ідуць аднаўленчыя работы.
"У Крывым Рогу ў выніку варожай атакі зламаны двухпавярховы дом. Папярэдне, людзі не пацярпелі", — кажа Разнічэнка.
З "Градаў", "Ураганаў" і цяжкай артылерыі ўсю ноч абстрэльвалі і Нікапольскі раён. Пашкоджаныя жылыя дамы, людзей не закранула. У іншых раёнах вобласці, па словах Разнічэнкі, усю ноч вылі сірэны, але абышлося без абстрэлаў.
Пад абстрэламі быў Энэргадар (гэта Запарожская вобласць). Былі абстраляныя прамысловая зона і сам горад, паведаміў гарадскі галава Дзмітрый Арлоў. Па папярэдніх дадзеных, пашкоджана адна з падстанцый, а таксама будынак гарвыканкама.
Гэтай ноччу расіяне зноў атакавалі і Мікалаеўскую вобласць — выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ. 11 беспілотнікаў збілі ўкраінскія СПА, піша кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім.
СПА гэтай раніцай спрацавалі і ў Севастопалі, які знаходзіцца пад кантролем расіян. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёну Міхаіл Разважаеў. "Па папярэдніх дадзеных, збілі беспілотнік у раёне аэрадрома Бельбек", — напісаў ён.
За суткі 18 кастрычніка тэрарыстычным ударам з боку Расіі падвергліся больш за 10 украінскіх рэгіёнаў, распавёў у вячэрнім звароце ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Частка расійскіх дронов і ракет атрымалася збіць. Частка дасягнула мэты. Украінскія ўлады ўсюды, дзе гэта магчыма, спрабуюць паскорыць аднаўленчыя работы. Але і ад людзей чакаюць дапамогі — у тым ліку "усвядомленага спажывання электрычнасці". Зяленскі папрасіў украінцаў па магчымасці максімальна эканоміць электраэнергію.
А яшчэ Зяленскі казаў пра іранскія дроны. На яго думку, той факт, што Расія звярнулася па дапамогу да Ірану, з'яўляецца прызнаннем ваенна-палітычнага банкруцтва Крамля. "Дзесяцігоддзямі яны выдаткоўвалі мільярды даляраў на свой ВПК, а ў выніку пайшлі на паклон у Тэгеран, каб атрымаць даволі простыя дроны і ракеты. Стратэгічна гэта ім усё роўна нічым не дапаможа", — мяркуе Зяленскі.
Не выключана, што пытанне аб пастаўках іранскіх дронов Расіі будзе абмяркоўвацца на закрытым пасяджэнні Савета бяспекі ААН. Абмеркаванне ініцыююць ЗША, Вялікабрытанія і Францыя, піша Reuters. На думку гэтых краін, імпарт іранскіх дронаў з'яўляецца парушэннем рэзалюцыі СБ ААН аб эмбарга на пастаўкі ўзбраення з Ірана. Наогул эмбарга на звычайныя ўзбраенні ў дачыненні да Ірана скончылася ў кастрычніку 2020 года. Але ва Украіне і ЗША лічаць, што экспарт і купля дронов для Ірана па-ранейшаму забаронена. Прынамсі да кастрычніка 2023 года.
Да сітуацыі на фронце. Тут расіяне прадаўжаюць спробы наступаць на Данбасе — у Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках. "Цягам дня падраздзяленні сіл абароны Украіны адбівалі атакі акупантаў у населеных пунктах Агурцова і Двурэчнае Харкаўскай вобласці; Белагораўка Луганскай вобласці; Новакалінава, Маёрск, Атрадаўка, Нью-Ёрк, Новаміхайлаўка, Невельскае, Опытнае і Мар'інка Данецкай вобласці", гаворыцца ў зводцы Генеральнага штаба УСУ.
Украінскія вайскоўцы таксама адзначаюць, што праціўнік "прымае меры па ўтоенага перамяшчэння ваеннай тэхнікі і асабістага складу. З гэтай мэтай у населеных пунктах Таўрыйск і Новая Кахоўка Херсонскай вобласці вораг блакуе працу мабільных аператараў і інтэрнэту".
Учора ўвечары новы камандуючы Аб'яднанай групоўкай войскаў Расіі ў раёне правядзення спецыяльнай вайсковай аперацыі генерал Сяргей Суравікін казаў, што сітуацыя ў раёне Херсона "няпростая".
Украінскі баксёр Аляксандр Вусік стаў амбасадарам фандрэйзінгавай платформы United24 для дапамогі Украіне. Пра гэта паведамілі на самой платформе.
Вусік будзе працаваць па кірунку "аднаўленне Украіны". Нагадаем, што пасля пачатку вайны баксёр запісаўся ў тэрабарону, а ў верасні абараніў тытулы чэмпіёна свету ў паядынку супраць брытанца Энтані Джошуа. "Цяпер Аляксандр будзе дапамагаць аднаўляць ўкраінскія горада, якія пакутуюць ад разбурэнняў праз ракеты і дроны-камікадзэ", — адзначылі на платформе.
Раней амбасадарамі платформы ўжо сталі футбаліст Андрэй Шаўчэнка, тэнісістка Эліна Світоліна, крэатыўны дырэктар Balenciaga Дэмна Гвасалія, сцэнарыст Ліеў Шрайбер, акцёр Марк Хэміл, спявачка Барбара Стрэйзанд, футбольны клуб "Шахцёр" і група Imagine Dragons.