Парламент Славакіі прызнаў рэжым Пуціна тэрарыстычным
Парламент Славакіі / nrsr.sk
16 лютага парламент Славакіі прызнаў рэжым Уладзіміра Пуціна тэрарыстычным. Расія ж прызнаная "дзяржавай-спонсарам тэрарызму". "За" прагаласавалі 78 дэпутатаў, супраць былі 12 чалавек, яшчэ 23 устрымаліся.
Славацкія дэпутаты ў згаданай рэзалюцыі асудзілі шырокамаштабныя атакі Расіі на грамадзянскіх асоб, грамадзянскія аб'екты і ключавую энэргетычную структуру Украіны. Яны асудзілі наўпроставыя і ўскосныя пагрозы РФ выкарыстаць ядзерную зброю. Славацкі парламент падкрэслівае, што акупаваныя Расіяй тэрыторыі застаюцца часткай Украіны. Ён таксама выказаў падтрымку намаганням па стварэнні спецыяльнага трыбунала для пераследу злачынстваў агрэсіі і падтрымку пераследу злачынстваў супраць чалавечнасці, і вайсковых злачынстваў.
У рэзалюцыі ёсць і асуджэнне гібрыднай вайны, якую Расія вядзе на тэрыторыі Славакіі.
Раней парламенты Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Нідэрландаў таксама прызналі расійскі рэжым тэрарыстычным. Еўрапарламент летась прызнаў Расію спонсарам тэрарызму, нагадвае hromadske.ua.