Палітзняволеную Алену Маўшук прымусілі з'ехаць з Беларусі

Алена Маўшук / x.com/Tsihanouskaya/
12 лютага стала вядома пра вызваленне некалькіх беларускіх палітвязняў. Сярод іх у Літву трапіла Алена Маўшук. У гутарцы з "Зеркало" яна сказала, што не хацела з'язджаць з Беларусі, выехаць яе прымусілі. Умовай памілавання і вызвалення быў ад'езд за мяжу.
Само вызваленне для Маўшук было нечаканым. Пасля працы на фабрыцы ёй загадалі забраць свае рэчы і павялі ў штаб. Прысутны там пракурор сказаў, што прашэнне аб памілаванні, якое было напісана ў ліпені 2024-га, разгледжана, "але з умовай, што мне трэба пакінуць Беларусь". З папраўчай калоніі № 24 з Рэчыцкага раёна Алену Маўшук прывезлі ў Мінск.
"Уначы я знаходзілася ў СІЗА КДБ. Не ведаю, колькі я там часу правяла. Потым мяне забралі, — расказвае жанчына. — Пакуль мяне везлі да мяжы, я нічога не бачыла. Калі я выйшла з памяшкання, на мяне надзелі маску, і таму я нічога не бачыла... Ужо потым, калі мы прыехалі на мяжу, нас сустрэлі людзі, і з мяне знялі маску, вярнулі пашпарт".
Маўшук 48 гадоў. Яна была за кратамі з 10 жніўня 2020 года. Яе затрымалі за ўдзел у пратэстах у Пінску супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Асуджана на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яе муж, Сяргей Маўшук, асуджаны на 6,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.