Палітыкі пра кампрамат "СБ": "Гэта смешна і балюча"
Раманчук параўноўвае кампрамат з раманам “Код да Вінчы”,Сяргей Гайдукевіч “крыўдзіцца”, што яго танна ацанілі, а Андрэй Дзмітрыеў вырашыў падаць на газету ў суд
Героі артыкула пра падзеі 19 снежня, які апублікавала газета “СБ: Беларусь Сегодня”, выказалі Еўрарадыё меркаванні адносна публікацыі.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Яраслаў Раманчук назваў кампрамат раманам на тэму перадвыбарнай кампаніі.
Нагадаем, у артыкуле гаворыцца, што Яраслаў Раманчук атрымаў 150-200 тысяч долараў на сваю кампанію. А пасля з’ехаў за мяжу, каб атрымаць дадатковае фінансаванне.
Калі б гэта было праўдай, набыў бы сабе машыну, кажа экс-кандыдат.
Раманчук: “Ведаеце, можа 10-гадовы Опель бы ўжо набыў. А так даводзіцца аддаваць пазыкі за кампанію. Гэта я расцэньваю, як раман на тэму выбарчай кампаніі, штосьці кшталту “Код Давінчы” Дэна Браўна. Людзі дадумалі тое, што ў краіне адбылося”.
У героі артыкула патрапіў і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Палітык абвяргае інфармацыю, надрукаваную пра яго.
Сярод іншага, у артыкуле гаворыцца, што Сяргей Гайдукевіч прапанаваў свае паслугі кампаніі “Гавары праўду” за мільён долараў. Каментуючы гэта, Сяргей Гайдукевіч пажартаваў, што яго занадта танна ацэньваюць.
Гайдукевіч: "Гэта настолькі смешна і балюча. Я двойчы кандыдат у прэзідэнты. У мяне свая пазіцыя. Як можна ўявіць сабе, каб я падтрымліваў Някляева. Гэта трызненне. Весці размову аб тым, што я кагосьці падтрымліваў, гэта трызненне. Пайсці падтрымліваць за мільён, каб яго забралі на наступны дзень!?".
У публікацыі падаецца размова праваабаронцы Алеся Бяляцкага і прадстаўніка ад польскага фонду “Свабода і дэмакратыя” праз “Скайп”. Размова тычылася фінансавання.
Алесь Бяляцкі сцвярджае, што такой размовы не існавала ўвогуле.
Бяляцкі: “Такой размовы не было. Хоць мы і падтрымліваем сувязі з арганізацыяй “Свабода і дэмакратыя”. Гэта адна з няўрадавых арганізацый у Польшчы. Па скайпе я шмат з кім размаўляю, але размоваў, што тычыцца грошай не было. Друкаваць можна ўсё, што хочаш”.
Між іншым, праваабаронца адзначыў, што “Скайп” досыць празрыстая сістэма, з якой трэба абыходзіцца асцярожна.
Яшчэ адзін герой артыкула-“кампрамата” Андрэй Дзмітрыеў наогул збіраецца звярнуцца ў суд. Пра гэта экс-кіраўнік штаба Някляева паведаміў “Нашай ніве”. Палітык лічыць, што артыкул абражае яго гонар і гонар сябраў кампаніі “Гавары праўду”.