Палітвязню Ігару Лосіку перадаюць абрыўкі лістоў жонкі

Палітвязню Ігару Лосіку перадаюць абрыўкі лістоў жонкі

Палітвязню Ігару Лосіку перадаюць абрыўкі лістоў жонкі Дар'і. Такую выснову яна зрабіла, чытаючы апошні яго ліст. "Са здзіўленнем [Ігар] пытаўся, чаму я пішу ліст на абрыўках паперы, і чаму ён складаецца толькі з некалькіх фразаў", піша Дар'я Лосік у Facebook. Яна мяркуе, што гэта робіць цэнзар гомельскага СІЗА № 3, які пакідае "некалькі сказаў з тэксту". Раней палітвязень пра абрыўкі лістоў не пісаў.

"З усіх месцаў зняволення, дзе знаходзіўся мой муж, СІЗА-3 у Гомелі выбрала найбольш выдасканалены метад блакавання перапіскі", — піша Дар'я Лосік.

Адміністратар тэлеграм-канала, пазней прызнанага экстрэмісцкім у Беларусі, Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года і з таго часу знаходзіцца за кратамі. У зняволенні ён тройчы ладзіў галадоўкі. Закрыты суд у Гомелі пачаўся 24 чэрвеня сёлета. Яго і іншых палітвязняў абвінавачваюць  у арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, у "распальванні сацыяльнай варожасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.