Палітвязня Ігара Банцэра з "хіміі" пераводзяць у калонію
Палітвязня Ігара Банцэра з "хіміі" пераводзяць у калонію агульнага рэжыму. Як вырашыў суд Чыгуначнага раёна Віцебска, там музыка правядзе 1 месяц і 25 дзён, паведамляе Радыё Свабода.
Суд вырашыў змяніць Банцэру рэжым утрымання на больш жорсткі пасля некалькіх парушэнняў, зафіксаваных на "хіміі" (быў непаголены ці спазніўся на некалькі хвілін на адбой). Пасля абвяшчэння рашэння суда палітвязня ўзялі пад варту. Нейкі час ён правядзе ў СІЗА ў Віцебску, а пасля яго накіруюць у калонію.
Ігара Банцэра асудзілі на 1,5 года "хіміі" за "хуліганства". Падчас суда гродзенец 16 сутак трымаў сухую галадоўку за кратамі. Нядаўна ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, каб "не здрадзіць самому сабе".