Палітолага Суздальцава асудзілі ў Расіі за "паклёп" на Лукашэнку
Андрэй Суздальцаў / lenta.ru
У Маскве суд пакараў былога выкладчыка Вышэйшай школы эканомікі палітолага Андрэя Суздальцава, прызнаўшы вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Яму прызначыліў 400 гадзін абавязковых работ, піша @endoflaw.
Прычынай для крымінальнай справы сталі выказванні Суздальцава ў тэлеграм-канале. Ён паведаміў, што Лукашэнка "захапляўся Гітлерам" і, "кажучы пра нямецка-фашысцкі генацыд, насамрэч прыкрывае свой тэрор і па сутнасці нічым не адрозніваецца ад фашыстаў 1940‑х гадоў".
Суздальцаў з 1993 па 2006 год працаваў у Беларусі. Ён рэгулярна крытыкаваў беларускія ўлады — за недастатковую лаяльнасць да Расіі. У 2006 годзе яго дэпартавалі з Беларусі, пазбавіўшы ВНЖ. Рэжым Лукашэнкі абвясціў яго ў вышук за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання". Нагодай стаў тэлеграм-канал палітолага, які ў Беларусі ўключылі ў "экстрэмісцкі" спіс.