Пакістан тармозіць выкананне пагаднення аб працаўладкаванні з Беларуссю

Пакистан

Чыноўнікі Пакістана папярэджваюць пра рост рызыкаў / pixabay.com

Пакістанскае СМІ паведамляе, што праз два з паловай месяцы пасля падпісання пагаднення паміж Беларуссю і Пакістанам аб прыцягненні 150 000 кваліфікаваных спецыялістаў, яно ўсё яшчэ амаль не рэалізуецца. Артыкул у выданні LeadPakistan.com.pk пераказвае reform.news.

Пакістанскія чыноўнікі баяцца, што дадзенае пагадненне з Беларуссю можа прывесці да новай хвалі нелегальнай міграцыі і гандлю людзьмі. Агенцтвы і ведамствы, што змагаюцца з гандлем людзьмі і нелегальнай міграцыяй, папярэджваюць пра рост рызыкаў на фоне падпісанага пакістана-беларускага пагаднення аб працаўладкаванні.

У сувязі з ажыятажам цікавасць да паездак у Беларусь рэзка ўзрасла настолькі, што консульства Беларусі ў Ісламабадзе, паводле звестак крыніц выдання, вымушана было часова спыніць прыём заяў. Тым часам у Пакістане турагенцтвы ўжо пачалі атрымліваць вялікія сумы, збіраючы плату з жадаючых паехаць у Беларусь у пошуках лепшага жыцця.

“Некантралюемы паток грамадзян Пакістана ў Беларусь, верагодна, тлумачыцца іх жаданнем прабрацца далей у Еўропу”, — паведаміў на ўмовах ананімнасці высокапастаўлены чыноўнік Міністэрства ўнутраных спраў.

Аўтар артыкула адзначае, што грамадзяне Пакістана ўваходзяць у лік лідараў па спробах нелегальнага траплення ў ЕС праз усходнюю мяжу.

Бюро па эміграцыі і працаўладкаванні за мяжой (BE&OE) не апублікавала афіцыйных інструкцый і не наладзіла каардынацыю ні з беларускімі ўладамі, ні з сертыфікаванымі рэкрутынгавымі агенцтвамі, гаворыцца ў матэрыяле.

Тым часам, адсутнасць законных і структураваных каналаў працаўладкавання за мяжой штурхае людзей, што адчаяліся, на небяспечныя шляхі, лічаць пакістанскія журналісты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.