Падчас мабілізацыі ў Расіі расце папулярнасць фальшывых пасведчанняў сілавікоў

У часы "частковай мабілізацыі" / kommersant.ru
У часы "частковай мабілізацыі" / kommersant.ru

У Расіі расце папулярнасць фальшывых пасведчанняў сілавікоў і іншых дакументаў, якія пацвярджаюць наяўнасць воінскіх званняў. Прадаўцы абяцаюць, што іх наяўнасць дапаможа пазбегнуць мабілізацыі або атрымаць размеркаванне па-за зонай баявых дзеянняў. Як піша "Коммерсант", кошт падобных паслуг складае ад 30 тысяч расійскіх рублёў (485 долараў) да 1,5 млн рублёў (24 тысячы долараў). Ён залежыць ад якасці дакумента і неабходнасці ўнясення даных у афіцыйныя базы.

Колькасць такіх прапаноў у даркнэце і Telegram імкліва расце. Там можна замовіць пасведчанні супрацоўнікаў паліцыі, пракуратуры, Следчага камітэта і г. д. Кліент дасылае сваё фота і неабходныя звесткі, а прадавец рыхтуе дакумент. Яго пасля могуць адправіць нават з кур'ерам. Падобныя прапановы былі і раней, але на іх "амаль не было попыту".

Эксперты ж кажуць, што гэтыя здзелкі нясуць мноства рызык, аж да крымінальнай адказнасці для пакупніка. А яшчэ ёсць рызыка сутыкнуцца з махлярамі, якія возьмуць грошы і нічога не дашлюць, а звяртацца ў паліцыю кліент не стане.

А тым часам у Дзярждуме РФ ужо прапанавалі абавязаць да прызыву служачых Расгвардыі, МНС і іншых сілавых ведамстваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.