Пад абстрэламі Кіеў, Запарожжа, Мікалаеў — 236-я раніца вайны
Пасля абстрэлу Мікалаева ў горадзе пачаўся пажар / https://www.facebook.com/DSNSMYKOL/
Расіяне раніцай атакавалі Кіеў дронамі-камікадзэ. Аб двух выбухах у Шаўчэнкаўскі раёне распавёў кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак. "Расіяне думаюць, што ім гэта дапаможа, але такія дзеянні падобныя на агонію. Нам трэба больш сістэм СПА і як мага хутчэй", — напісаў Ярмак.
У выніку тых выбухаў былі пашкоджаныя некалькі жылых дамоў. У адным з нежылых будынкаў узнік пажар, паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.
Расійскія паблікі сцвярджалі, што "ударам падвергнуўся у тым ліку і Кіеўскі Чыгуначны вакзал". Але ўкраінская чыгунка паведамляе, што "усе цягнікі адпраўляюцца з Кіева і прыбываюць у сталіцу па графіку", а "галоўны вакзал горада адкрыты для пасажыраў з квіткамі, падземныя хованкі працуюць".
Пазней Клічко паведаміў яшчэ аб двух выбухах.
Выбухі сёння ноччу і раніцай грымелі і ў іншых рэгіёнах Украіны. У Сумскай вобласці расияне білі па аб'ектах інфраструктуры. "Ёсць пацярпелыя", — паведаміў кіраўнік Сумскай аблдзяржадміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі.
Усю ноч "Градамі" і цяжкай артылерыяй расіяне абстрэльвалі Днепрапятроўскую вобласць, кажа кіраўнік рэгіёну Валянцін Разнічэнка. Па яго словах, тры ракеты праціўніка збіла СПА. Але "адна ракета ўдарыла па аб'екце энергетычнай інфраструктуры. Там моцны пажар".
Ракетны абстрэл перажыла гэтай ноччу і Запарожжа, піша кіраўнік абласной дзяржадміністрацыі Аляксандр Старух. Але тут абышлося без разбурэнняў і пацярпелых. Паветраную трывогу гэтай ноччу і раніцай аб'яўлялі і ў Мікалаеўскай вобласці. Быў пажар. Расіяне пішуць, што трапілі ў ў рэзервуары з гаручым недалёка ад Мікалаеўскага порта. А ўчора ўвечары поўдзень Украіны атакавалі дронамі-камікадзэ — 9 дронаў ўдалося збіць, паведаміла камандаванне Паветраных сіл ВСУ. Яшчэ 15 дронаў украінскія вайскоўцы збілі гэтай ноччу.
На фронце расіяне "абстрэльваюць пазіцыі ўкраінскіх войскаў ўздоўж усёй лініі судакранання, ажыццяўляюць інжынернае абсталяванне абарончых пазіцый і рубяжоў на асобных напрамках і вядуць паветраную разведку". Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны. Генштаб нічога не паведамляе аб дзеянні УСУ ў раёне Херсона, хоць расійскія паблікі напярэдадні пісалі, што ўкраінцы спрабуюць наступаць тут адразу па некалькіх кірунках. У зводцы Генштаба УСУ ёсць толькі інфармацыя аб сітуацыі ў Данецкай вобласці, тут расяіне спрабуюць весці наступ на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках.
Аб сітуацыі на Данбасе ў традыцыйным вечаровым звароце казаў і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, ключавыя гарачыя кропкі тут — гэта Салядар і Бахмут. Тут працягваюцца вельмі цяжкія баі.
"Супраць нашых сіл акупанты кінулі ўсіх, каго маглі, у тым ліку і 2 тысячы "зэкаў" — яны сярод наймітаў менавіта там. І гэта "зэкі" з вялікімі тэрмінамі пакарання за цяжкія злачынствы. Іх на фронце ўтрымліваюць не толькі грашыма, але і абяцаннем амністыі", — адзначыў Зяленскі.
Міністры замежных спраў Эстоніі, Латвіі і Літвы заклікалі ЕС дапамагчы Украіне стварыць спецыяльны трыбунал для кіраўніцтва Расіі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў Літвы. Мяркуецца, што гэты трыбунал павінен расследаваць вайсковыя злачынствы, а таксама забяспечыць адказнасць Расіі за дзеянні на тэрыторыі Украіны.
А Нідэрланды прымуць на рэабілітацыю ўкраінскіх вайскоўцаў. Пра гэта заявіла кіраўніца абароннага ведамства гэтай краіны Кайса Оллангрэн у інтэрв'ю «АрміяInform». Першая група ўкраінскіх вайскоўцаў адправіцца ў Нідэрланды ў пачатку лістапада.