"Не называйце расійскую агрэсію гібрыднай. Гэта праплачаныя дзяржавай дыверсіі"

Марк Рутэ

Марк Рутэ / Еўрарадыё

Словы "гібрыдная агрэсія" не пасуюць да актыўнасці, якую Расіія разгарнула супраць краінаў Еўрасаюза. Такое меркаванне напярэдадні сустрэчы міністраў абароны краінаў НАТА ў Брусэлі выказаў генеральны сакратар Альянсу Марк Рутэ.

"Хопіць называць расійскую агрэсію гібрыднай. Гэта гучыць занадна па-добраму. Але ж напраўду мы маем справу з дыверсіямі, праплачанымі дзяржавай [state-sponsored sabotage. — Еўрарадыё]. А часам гэта і праплачаны дзяржавай тэрарызм, што мае за мэту дэстабілізаваць сітуацыю ў Малдове і шырэй — у краінах Еўрасаюза і ў ЗША", — так Рутэ адказаў на пытанне пра дзеянні Расіі ў Малдове пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія выйграла праеўрапейская палітык Мая Санду.

13 лютага міністры абароны краінаў НАТА сустрэнуцца, каб абмеркаваць дадатковыя інвестыцыі ў абарону, якіх патрабуе сітуацыя ў Еўропее. 12 лютага адбудзецца сустрэча ў фармаце Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны, якую ўзначаліць Вялікабрытанія.

13 лютага да міністраў абароны краінаў НАТА далучыцца кіраўнік украінскага абароннага ведамства Рустэм Умераў і вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па знешніх сувязях і палітыцы бяспекі Кая Калас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.