Настаўніцу з Ляхавічаў збіраліся судзіць за выдалены пост з фатаздымкам пасцілы

Узнагароджанне Таццяны Крапіневіч на настаўніцкім конкурсе / lves.by
Настаўніцу з Ляхавічаў Таццяну Крапіневіч збіраліся судзіць за выдалены пост у Інстаграме з выявай бел-чырвона-белай пасцілы. Жанчына тэрмінова выпісалася з лякарні і разам з малодшай дачкой пакінула Беларусь за пару дзён. Пра гэта Крапіневіч сама расказала ў інтэрв'ю сайту "Зеркало".
Пратакол аб парушэнні жанчыне даслалі 31 снежня. У ім гаворыцца:
"21 лістапада 2020 года, у дакладна не вызначаны час, знаходзячыся ў дакладна не вызначаным месцы, з нявызначанай прылады, якая мае выхад у інтэрнэт, у сацыяльнай сетцы "Instagram", на прыналежным ёй акаўнце <...>, без адпаведнага дазволу Ляхавіцкага райвыканкама, у парушэнне арт. 9-1 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах" ад 30.12.1997 № 114-З, публічна выказваючы асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы, пратэстуючы супраць дзеючай улады, размясціўшы фатаграфію з выявай "Перамены пачнуцца на тваіх уроках" і фатаграфію з выявай бел-чырвона-белай харчовай прадукцыі, не маючы на тое адпаведнага дазволу, ажыццяўляла адзіночнае пікетаванне".
Пост з выявай бел-чырвона-белай пасцілы Крапіневіч выдаліла. Аднак хтосьці захаваў скрыншот і пераслаў прапагандыстцы "рускага свету" Вользе Бондаравай. Яна апублікавала яго ў сваім тг-канале, пасля чаго на працу да Крапіневіч прыйшлі тры міліцыянты. Настаўніца падазрае, што скрыншот зрабіў супрацоўнік школы, дзе яна працавала.
Сама Таццяна на той момант ляжала ў лякарні. Старэйшая дачка, якая жыве ў Германіі, рэкамендавала ёй эвакуацыю і звязала з фондам BYSOL. За некалькі дзён жанчына выпісалася з клінікі і разам з малодшай дачкой эвакуявалася з Беларусі. За месяц яны праехалі пяць краін. Новы год сустракалі ў шэлтары ў Батумі. Цяпер жывуць у Варшаве.
Фонд BYSOL абвясціў збор на дапамогу Таццяне Крапіневіч, і яго ўдалося закрыць за 15 гадзін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.