На выездзе з Мінска п’яны кіроўца насмерць збіў жанчыну

На выездзе з Мінска п’яны кіроўца насмерць збіў жанчыну

П’яны кіроўца збіў насмерць жанчыну на выездзе з Мінска, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ДАІ Мінскай вобласці. Здарэнне адбылося ўвечары 1 студзеня на 11-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна каля вёскі Тарасава.

Жанчына 1983 года нараджэння была на абочыне дарогі, калі на яе наехаў аўтамабіль Volvo. Пацярпелая загінула на месцы ад атрыманых пашкоджанняў. Адметна, што жанчына была пазначаная флікерамі. Кіроўца знік з месца здарэння.

Сведка здарэння паспеў запомніць марку аўтамабіля, таму вінаватага ў дарожным інцыдэнце хутка знайшлі. Гэта быў 42-гадовы мінчанін. Яго самога і аўтамабіль затрымалі ў паўтара кіламетрах ад месца здарэння ў вёсцы Тарасава. Медыцынскі агляд паказаў, што ў яго крыві было болей за 3 праміле алкаголю. Патлумачыць абставіны здарэння ён не змог.

Па факце гібелі пешахода распачатая крымінальная справа.

Усяго за першы дзень новага года супрацоўнікі ДАІ затрымалі 27 п’яных кіроўцаў. Аформлена каля 40 ДТЗ без пацярпелых.

Фота з архіву