На выбарах у Румыніі лідзіруе цэнтрыст, але ультраправы абвясціў сябе пераможцам

Дзеючы мэр Бухарэста і цэнтрысцкі кандыдат Нікушор Дан перамагае на прэзідэнцкіх выбарах у Румыніі / Reuters
У Румыніі завяршылася галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах. Паводле першых экзітполаў, перамагае дзеючы мэр Бухарэста і цэнтрысцкі кандыдат Нікушор Дан. Згодна з апытаннямі, ён набірае 54,9% галасоў. Яго супернік — лідар ультраправой нацыяналістычнай партыі AUR Джордже Сіміон — атрымлівае 45,1%.
Нягледзячы на гэта, Джордже Сіміон адмаўляецца прызнаць вынікі экзітполаў і ўжо абвясціў сябе пераможцам. «Я — новы прэзідэнт, і я вяртаю ўладу румынам», — заявіў ён. Паводле яго ўласных падлікаў, ён нібыта апярэджвае Дана на 400 тысяч галасоў.
Асаблівая ўвага цяпер скіравана да галасоў румынскай дыяспары, якая пражывае за мяжой. Больш за мільён выбаршчыкаў зарэгістраваныя для ўдзелу ў галасаванні, і дадзеныя па іх пакуль адсутнічаюць. Аднак у першым туры большасць з іх падтрымала менавіта Сіміона, што можа паўплываць на канчатковыя вынікі.
Яўка на выбарах аказалася значна вышэйшай, чым у першым туры: 64,71% супраць 53%. Таксама павялічылася колькасць галасоў з гарадоў, што магло адыграць на карысць Нікушору Дану, чыя падтрымка мацнейшая сярод гарадскога насельніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.