На вайне ва Украіне, верагодна, загінуў навуковец з Полацка

Сяргей Калінцаў

Сяргей Калінцаў / Полацкі дзяржуніверсітэт

Навуковец з Полацка, верагодна, загінуў на вайне ва Украіне.

У спісе ўкраінскага праекта "Хачу жыць" знайшоўся Сяргей Віктаравіч Калінцаў, 1982 года нараджэння. Як выявіў тг-канал "Віцебск, я гуляю!", яго поўны цёзка — навуковец, старшы выкладчык кафедры вылічальных сістэм і сетак Полацкага дзяржуніверсітэта. У 2016 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па геаразведцы.

Старонкі Калінцава дагэтуль ёсць на кафедры ВНУ і сярод персаналій універсітэта. А ў пераліку навуковых работ прысутнічае нават артыкул за 2024 год, таму супадзенне імёнаў можа падацца выпадковым.

Аднак ёсць сведчанні, што гаворка ідзе пра аднаго і таго ж чалавека. На сваёй старонцы ў "Аднакласніках" Калінцаў у 2014 годзе заняў адкрыта прарасійскую пазіцыю: пазначыў аватарку расійскім сцягам, выказваў падтрымку расійскім дзеянням. А з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ён і ўвогуле стаў актыўным Z-тником.

Старонкі Калінцава ў сацсетках не абнаўляюцца з канца 2023 года. Паводле інфармацыі ўкраінскага праекта, мужчына загінуў 23 верасня 2024 года на 42-м годзе жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.