На спявачку, якая адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі, пачалі крымінальную справу
Патрыцыя Свіціна / Тацяна Менская, Еўрарадыё
Затрыманую фолк-спявачку Патрыцыю Свіціну будуць судзіць па крымінальнай справе, паведамляюць праваабаронцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, ёй інкрымінуюць "народны" 342-і артыкул КК — дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Саму дзяўчыну перавялі ў Жодзіна.
Пра затрыманне Патрыцыі Свіцінай стала вядома 18 траўня. Сілавікі апублікавалі відэа, у якім дзяўчына сказала, што была лаўрэаткай стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. Потым яна паведаміла, што ў 2020-м яна "ўдзельнічала ў пратэстах", "выходзіла на дарогі" і ў складзе калоны "перакрывала рух транспарту". (Дарэчы, тады ж спявачка адмовілася ад гэтай стыпендыі.)
Таксама Патрыцыя на відэа сказала, што ў сацсетках "негатыўна" выказвалася пра сілавікоў, расійскую вайну супраць Украіны і "распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі".
Беларускія музыкі перыядычна трапляюць пад палітычныя рэпрэсіі. Напрыклад, спявачцы Мэрыем Герасіменка за выкананне ўкраінскіх песень прысудзілі тры гады "хатняй хіміі".