На сайце Youtube з'явіўся аўтарскі канал пра беларускую кухню. Відэа

На сайце Youtube з'явіўся беларускі кулінарны канал. Аўтары праекта — сёстры Алена і Вольга Талатынік з Брэста. Як кажуць самі дзяўчаты, ідэя ўзнікла ад любові адной сястры да кулінарыі, а іншай - да відэаздымак. Сумясціўшы разам свае захапленні, дзяўчаты зрабілі відэа-блог "Берасцейская кухарачка".

Зараз канал змяшчае 9 навучальных відэа, па якіх можна прыгатаваць розныя стравы беларускай кухні — як святочныя, так і штодзённыя. Рэцэпты ўзятыя з кулінарнай кнігі "Літоўская кухарка".

"Чаму менавіта "Літоўская кухарка"? Па-першае, гэта першая паўнавартасная беларуская кулінарная кніга. У свой час яна мела ашаламляльны поспех і з 1854 года шмат разоў перавыдавалася. Па-другое, гэта ўнікальны гістарычны дакумент, а кожны беларус мусіць ведаць сваю гісторыю", — распавядае Еўрарадыё Вольга Талатынік.

Свой праект дзяўчаты таксама называюць унікальным. "Берасцейская кухарачка" — першы беларускамоўны кулінарны відэа-блог. У інтэрнеце можна знайсці падобныя відэарэцэпты страваў беларускай кухні, але, праўда, усе яны выключна на рускай мове.

Дзяліцца новымі кулінарнымі рэцэптамі сёстры Талатынік збіраюцца штотыдзень. Абнаўляцца канал будзе кожны чацверг.