На мяжы Літвы і Беларусі затрыманы першы аўтамабіль з расійскімі нумарамі
Аўтамабіль, які каштуе больш за 41 тысячу еўра, затрымалі / facebook.com/Muitineskriminalinetarnyba
На мяжы Літвы і Беларусі затрыманы першы аўтамабіль з расійскімі нумарамі, паведамляе літоўская Мытная крымінальная служба. Позна ўвечары 11 сакавіка на кантрольна-прапускны пункт у Мядзінінкай прыехаў аўтамабіль Audi Q7 з рэгістрацыйнымі знакамі РФ. Грамадзянін Малдовы заявіў, што едзе на ім з Літвы ў Беларусь і нічога не ведае пра ўведзеныя Еўрасаюзам абмежаванні.
Аўтамабіль, які каштуе больш за 41 тысячу еўра, затрымалі. Высветлілася, што яго ўладальніцай з'яўляецца грамадзянка Расіі (яе ў легкавіку не было). Найхутчэй Audi Q7 канфіскуюць і перададуць на патрэбы Узброеных сіл Украіны.
Як вядома, аўтамабілі з расійскімі нумарамі павінны былі пакінуць тэрыторыю ЕС да панядзелка. Іх уладальнікі будуць лічыцца парушальнікамі патрабаванняў заканадаўства, ім пагражае штраф ці канфіскацыя машыны.