На Міншчыне спынілі дзейнасць буйнога самагоннага цэха (відэа)
У Маладзечанскім раёне праваахоўнікі спынілі дзейнасць буйнога самагоннага цэха. Пра гэта паведамляе Упраўленне ўнутраных спраў Мінскай вобласці.
Падчас агляду месца было канфіскавана больш за 500 л свежага самагону і 14 тон брагі. Сёлета гэта самая буйная канфіскацыя самаробнага спіртнога на тэрыторыі вобласці.
Як паведамляюць праваахоўнікі, цэх быў арганізаваны ў вёсцы Кізілава ў адным з нежылых дамоў. У ім працавалі два браты ва ўзросце 39 і 40 гадоў. Вытворчасць дазваляла штодня выпрацоўваць некалькі сотняў літраў спіртнога, якое адразу накіроўвалі на аптовы продаж.
“Каб атрымаць максімальную выгаду і паскорыць вытворчы працэс, самагоншчыкі дадавалі ў брагу ў вялікіх колькасцях так званы актыватар закісання, у выніку чаго брага была гатовая для перагонкі ўжо праз 3-4 дні замест 6-7 дзён”, — паведамляюць ва УУС.
Канфіскаваныя вадкасці накіраваныя на экспертызу пасля чаго будзе вырашацца пытанне аб прыцягненні братоў да адказнасці.